З любоўю да Беларусі…

Мінулы аўторак у календарах беларусаў быў абазначаны  чырвонаю фарбай. Мы адзначалі  Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — галоўнае свята нашай краіны. У гэты дзень святочныя мерапрыемствы праходзяць  у гарадах, пасёлках і вёсках усёй рэспублікі. Не стаў выключэннем і наш раён. Галоўнымі  святочнымі  пляцоўкамі сталі вуліца Кастрычніцкая у Мар’інай Горцы,  гарадскі парк і стадыён. Сюды прыйшлі  жыхары і госці горада горада, прадстаўнікі працоўных калектываў раёна.

Кветкі   да абеліска Славы ўсклалі  кіраўнікі раёна, ветэраны, духавенства,  прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў.

Урачысты мітынг адкрыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Прановіч. Ён павіншаваў усіх прысутных  са святам і прапанаваў  ушанаваць памяць землякоў,  загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, хвілінай маўчання.

Выступілі таксама ветэран  вайны Анатоль Скіталец, ваенны камісар раёна Максім Власаў, выпускнік Мар’інагор-скай СШ № 4 Ілья Бабук.

Адбылося тэатралізаванае шэсце  “З любоўю да цябе, мая Радзіма, мая Беларусь!”, у час якога арганізатары свята аб’ядналі ўсе этапы станаўлення нашай незалежнай краіны. Францыска Скарыну, Еўфрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага змянілі  старажытныя рыцары, паны і паненкі. Потым былі адлюстраваны  падзеі ваеннай пары  і радасць мірнага дня. Прыемна, што актыўны ўдзел  у тэатралізаваным шэсці прынялі моладзь і дзеці. Гучала музыка, у неба ўзляталі белакрылыя галубы — сімвалы міру. Парадаваў сваім выступленнем духавы аркестр 5-й асобнай брыгады спецыяльнага пры-значэння. Асаблівыя пачуцці выклікала акцыя раённага аб’яднання прафсаюзаў, грамадскіх арганізацый “Белая Русь”, ”БРСМ”, лепшыя прадстаўнікі якіх пранеслі  па вуліцы вялікі сцяг нашай дзяржавы.

З цікавасцю сачылі ўдзельнікі свята за будынкам гарадскога ўнівермага, дзе па сцэнарыі адбыўся імправізаваны захоп заложнікаў, а потым іх вызваленне.

Закончылася святочная праграма  парадам сучаснай тэхнікі. Некаторыя людзі, нягледзячы на дажджлівае надвор’е, доўга не разыходзіліся, дзяліліся ўражаннямі ад цудоўнага свята, якое падаравалі нам яго арганізатары.

Працягнуліся святочныя мера-прыемствы ў гарадскім парку імя Любы Гайдучонак. Для жыхароў і гасцей горада арганізатары свята падрыхтавалі насычаную пра-граму. Каля цэнтральнага ўвахода пухавіччан сустракаў аркестр в/ч 89417. Многія спыняліся каля музыкантаў і слухалі знаёмыя мелодыі.

Традыцыйна на такіх маштабных святах свае работы прэзентуюць пухавіцкія майстры.  На выставе-продажы “Пухавіцкія дзівосы” яны прапаноўвалі вырабы з розных матэрыялаў і запрашалі на майстар-класы.

Цікавыя вырабы з бісеру, дэкарыраваныя бутэлькі і вышыўкі прапаноўвалі работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Усе вырабы зроблены  рукамі наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў.

Работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі падрыхтавалі экспазіцыю, прысвечаную Году малой радзімы, на якой былі прадстаўлены кнігі  нашых знакамітых землякоў і выданні пра Ганаровых грамадзян раёна — Ігара Лучанка, Анатоля Усенку і Арнольда Смеяновіча. Маленькім чытачам бібліятэкары прапаноўвалі правесці час за маляваннем.

Дзецям на такіх святах звычайна асабліва цікава, аднак сёлета ў парку было не так шматлюдна, як заўсёды. Тыя, каго пахмурнае неба не палохала, сабраліся на дзіцячую праграму “Свет сонечнага дзяцінства твайго”. Яе падрыхтавалі работнікі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Світанак”.  Некаторы час працаваў аква-грым. Калі пачаўся дождж, людзі схаваліся пад рознакаляровымі парасонамі. Батуты, горкі, выстава  аварыйна-выратавальнай тэхнікі і магчымасць апрануць форму ратавальнікаў — сёлета надвор’е перакрэсліла гэтыя планы.

Традыцыйна быў арганізаваны святочны гандаль. Пакупнікі цікавіліся прадукцыяй Пухавіцкага раённага камбіната бытавога абслугоўвання, дзе ў тым ліку можна было набыць сувеніры з сімвалам нашага горада. Нямала лю-дзей было каля палатак  ГП ТАА “Пухавічыгандаль”, СТАА “Пухавічымясапрадукт,” Пухавіцкага райспажыўтаварыства. Работнікі ААТ “Машхарчпрад” запрашалі  пакупнікоў прыняць удзел у бяспройгрышнай латарэі. Калектыў Пухавіцкага лясгаса таксама  прапаноўваў сваю прадукцыю.

Пухавіччане маглі набыць розныя напоі і кактэйлі, аднак самыя вялікія чэргі былі за кавай і гарачай гарбатай. Хто б мог прадказаць, што святочны ліпеньскі дзень мы будзем сустракаць з восеньскім надвор’ем?!

У амфітэатры прайшоў канцэрт “Мая родная Беларусь”. На сцэну выходзілі  хор ветэранаў, ансамбль “Пухаўчанка”, калектывы “Зарачанка”, Мілавіца”, жартоўны гурт “Сяброўкі” і іншыя. Артысты некалькі гадзін радавалі гледачоў сваёй творчасцю. Самыя актыўныя  пад вясёлыя песні пачыналі танчыць.

Увечары мерапрыемствы прайшлі на гарадскім стадыёне. Пачаліся яны з паказальных вы-ступленняў воінаў-спецназаўцаў.  Гучныя апладысменты былі ўзнагародай ад удзячных гледачоў.

Пад’ём на паветраным шары  з-за надвор’я  адмянілі, таму галоўнай святочнай пляцоўкай стала сцэна. Пухавіцкія артысты выконвалі папулярныя песні, госці з радасцю падпявалі. На некаторы час усе нават забыліся пра на-двор’е, але дождж зноў нагадаў пра сябе.

Пад  дажджом выступала і папулярная беларуская група “Да Вінчы”. Гледачы схаваліся пад парасонамі, а Дзяніс Дудзінскі і Кацярына Раецкая працягвалі спяваць пад адкрытым небам. Разам з салістамі групы ў Мар’іну Горку прыехаў кампазітар Леанід Шырын.

У рэпертуары “Да Вінчы” — песні на італьянскай мове. Але дзякуючы рытмічнай музыцы і дыялогу гледачоў і артыстаў  яны змаглі зацікавіць публіку. Нашы землякі не шкадавалі апладысментаў для спевакоў.

Напрыканцы дня на стадыёне было сапраўды шматлюдна. Пухавіччане па традыцыі далучы-ліся да акцыі “Спяваем Гімн разам”. На апошніх яго акордах неба над Мар’інай Горкай расфарбаваў  святочны феерверк.   Ён  працягваўся каля дзесяці хвілін і быў бачны далёка за межамі горада.

Пухавіччане разам адсвяткавалі Дзень Незалежнасці.  Варта адзначыць работу супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, работнікаў хуткай дапамогі і іншых службаў, якія на працягу ўсяго дня працавалі дзеля нашай бяспекі.

Вольга  САВАСЦЮК.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

 

З любоўю да Беларусі…: 1 комментарий

  • 07.07.2018 в 14:45
    Permalink

    Великолепное мероприятие!!! Яркое и насыщенное,полный восторг!!!
    Организаторам огромное спасибо от всех жителей Пуховщины!!!

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

    Ответ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *