Загадчыцы дзіцячага садка «Сонейка» Наталля Несцяровіч стала пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу-фестывалю «Педагагічны дэбют»

Якім павінен быць малады кіраўнік?.. Каму задаць гэтае пытанне, калі не непасрэдна маладому кіраўніку? Асабліва, калі ён яшчэ і пераможца абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу-фестывалю «Педагагічны дэбют»? Слова загадчыцы дзіцячага садка «Сонейка» ў пасёлку Дружны Наталлі Несцяровіч:

— Я не думаю, што буду асабліва арыгінальнай, калі ў ліку асноўных якасцяў паспяховага кіраўніка назаву яго ўменне працаваць у камандзе, матываваць яе і весці за сабой. Трэба быць прыкладам таго, як неабходна ставіцца да той справы, якой ты займаешся. І, вядома, сучаснасць патрабуе ад кіраўніка быць літаральна мультычалавекам: спецыялістам у самых розных галінах. Я па адукацыі выхавальнік і настаўнік-дэфектолаг. Але на пасадзе загадчыцы садка даводзіцца быць і юрыстам, і псіхолагам, і будаўніком…

Удзел у конкурсе-фестывалі ў намінацыі для маладых кіраўнікоў дашкольных устаноў адукацыі я палічыла своеасаблівым выклікам для сябе, магчымасцю выйсці з зоны камфорту. Для многіх якраз гэта — праблема, але не для мяне. Таму падрыхтоўка да конкурсу вялася першапачаткова настолькі сур’ёзна, наколькі сур’ёзнай была мэта дастойна прадставіць і сваю ўстанову адукацыі, і свой раён.

Ці думала я пры гэтым аб перамозе?.. Так, разлічвала на яе, таму што мы стараліся. І ў падрыхтоўцы ўласных распрацовак на тэму арганізацыі бяспечнага асяроддзя для дашкалят, і ў падрыхтоўцы майстар-класа па стварэнні спрыяльнага становішча ў калектыве, а таксама пры прадстаўленні на сцэне прэзентацыі, удзел у якой прымалі не толькі педагогі, але і дзеці. Па рэакцыі гледачоў было бачна: мы тут лепшыя.

Усе камандныя намаганні не засталіся незаўважанымі: я стала не толькі фіналістам конкурсу, але і пераможцай.

Безумоўна, гэта наша камандная перамога. Асабліва прыемна, што мы змаглі не панізіць тую планку, якую ўстанавіла каманда пад кіраўніцтвам былой загадчыцы Таццяны Озалінь, якая ўзначаліла новы дзіцячы садок у Дружным. Для нас гэта было вельмі важна, бо апошнім часам наш калектыў сур’ёзна абнавіўся. Спадзяюся, што гэтая падзея стане стымулам яшчэ больш актыўна рухацца наперад.

Алена ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *