Запрашаем прайсціся па вуліцах горада Мар’іна Горка і перанесціся ў казку
Раз галінка, два галінка… Вось так «нараджалася» сёлета галоўная раённая ёлка. Работнікі камунальнага прадпрыемства, якія штогод выбіралі ў лясніцтвах прыгожую жывую елку, вырашылі, што пара, нарэшце, падумаць пра больш экалагічны варыянт, і зрабілі спецыяльны елачны каркас вышынёй 14 метраў, які ўпрыгожваецца яловымі галінкамі і выглядае ў канчатковым выніку вельмі прывабна. І галоўнае: ні адна елка пры гэтым не гіне.
— Выраб навагодняй ёлкі і яе ўпрыгожванне — цалкам заслуга работнікаў УП «Жылцепласэрвіс» КГ, — расказвае галоўны архітэктар раёна Таццяна Сілівончык. — Каркас для ёлкі быў зроблены ўласнымі сіламі камунальнікаў на рамонтна-механічным участку прадпрыемства пад кіраўніцтвам Віктара Палыгалава. Работнікі ўчастка «Добраўпарадкаванне» пад кіраўніцтвам майстра Іны Ліпай упрыгожылі галоўны навагодні сімвал. А больш за іншых папрацаваць давялося спецыялістам службы галоўнага энергетыка. Электрыкі ўпрыгожвалі не толькі ёлку, але і ўсталёўвалі гірлянды на слупы ўздоўж цэнтральных вуліц горада і на ўсе навагоднія малыя архітэктурныя формы. Вынік гэтай працы мы з задавальненнем назіраем у гэтыя перадсвяточныя дні, радуючыся, што адчування свята з кожным годам у горадзе становіцца ўсё больш.
Аб галоўнай ёлцы хацелася б сказаць яшчэ некалькі слоў. Для яе ўпрыгожвання, аказваецца, спатрэбілася больш за 700 метраў светадыёдных гірлянд. І яшчэ аж 20 метраў пайшло на зорку, што зіхаціць на верхавіне.
Акрамя ёлкі, у горадзе з’явілася нямала іншых новых святочных аб’ектаў. У іх набыцці дапамаглі ЗАТ «Струнныя тэхналогіі», ТДА «Імагніс», дзякуючы якім у навагодняе ўбранне апранулася вуліца Ленінская. А філіял «Белэнергабудіндустрыя» падарыў гораду чатырох снегавікоў. У пераднавагоднія дні будуць устаноўлены ў найбольш мнагалюдных месцах горада новыя лазерныя праектары, на набыццё якіх выдзелены дадатковыя сродкі.
— Мы рады, што горад, дзякуючы неабыякавым людзям, стаў яшчэ больш прыгожым, — кажа Таццяна Сілівончык. — Святочны навагодні настрой адчуваецца паўсюль. Хацелася б толькі, каб гараджане беражліва ставіліся да зробленага.
Значны ўклад у святочнае ўпрыгожванне горада традыцыйна ўносяць і работнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Прыемна, што многія таксама імкнуцца да леташніх упрыгожванняў дадаць нешта новае, зрабіўшы крок наперад, у Новы год. Работнікі ААТ “Пухавіцкі доследна-эксперыментальны завод”, напрыклад, некалькі змянілі ўпрыгожванне фасада адміністрацыйнага будынка. Гледзячы на яго, ніяк не падумаеш, што за “гірляндавай лёгкасцю” хаваецца такое сур’ёзнае прадпрыемства. Святочнасці дабаўляюць і светадыёднае навагодняе віншаванне, і прыгожая ёлка, і карэта ля прахадной.
Работнікі ААТ “Пухавічынафтапрадукт” вырашылі, што ўпрыгожаных ёлак под Новы год многа не бывае. Калі вы жадаеце пераканацца ў гэтым і ў поўнай меры адчуць навагодні настрой — калі ласка, на запраўку!
Як заўсёды, святочна выглядае і тэрыторыя ААТ “Машхарч-прад”. І жыхары мікрараёна любяць рабіць фота ў арцы, праз якую ідзе шлях на прахадную.
Наогул, аб тым, каб стварыць святочны настрой, паклапаціліся, здаецца, усе. Для гэтага сёння ёсць шмат магчымасцяў. Галоўнае, каб было жаданне. А яно ёсць, бо горад пераднавагодні сёлета зусім не сумны. Такі, што кліча прайсціся па вуліцах і перанесціся ў казку…
Алена ІВАНОВА.