«Зазер’е» нарыхтавала 350 тон насення

Загадчыца зернятока Наталля Каваленка (у цэнтры), Анастасія Тамашэвіч і Анастасія Рогава.

Штогод эксперыментальная база «Зазере»  забяспечвае сельгасарганізацыі раёна насеннем элітных гатункаў збожжавых культур. Якасці  іх падрыхтоўкі  да  захоўвання  і  рэалізацыі  ў  гаспадарцы  надаюць асаблівую ўвагу.

— У гэтым годзе мы нарыхтавалі 350 тон насення яравых збожжавых, — расказвае галоўны аграном ЭБ «Зазер’е» Васіль Крывалевіч. — На свае  мэты нам  неабходна 150 тон насення. Яшчэ 200 тон плануем рэалізаваць.

У мінулым годзе на  эксперыментальнай базе пад яравую сяўбу выдаткавалі 145 тон насення. Пасеялі іх  на  плошчы 553  гектары.  Столькі  ж  адвялі і ў гэтым годзе.

Насенне яравой пшаніцы і ячменю прайшло сушку на зернесушыльным комплексе і ачыстку на шасці “Петкусах”, якія ёсць у гаспадарцы.

— Мы вырошчваем беларускія гатункі, — кажа Васіль Мікалаевіч. — Пшаніца гатункаў «Дар’я», «ласка» дае добры ўраджай.  Ячмень  гатунку  «добры» — зернефуражнага прызначэння.  У мінулым  годзе, напрыклад, шмат насення   ў  нас  закупілі  арганізацыі   Гомельскай вобласці. Таксама насенне эліты і суперэліты добра ведаюць сельгасарганізацыі  нашага раёна: ПСУ «Рудзен-скае», СГФ «Дрычын», ААТ  «Вецярэвічы».

Займаліся  падрыхтоўкай   насення работнікі зернятока Анастасія  Тамашэвіч і  Анастасія  Рогава. Дзякуючы цёплай восені, насенне ўдалося падрыхтаваць раней. Цяпер яно захоўваецца на зерняскладзе.

Акрамя  ўласнага, яшчэ каля 12 тон насення аўса, ячменю, пшаніцы ЭБ «Зазер’е» плануе набыць у навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай акадэміі  навук Беларусі  па земляробстве, на Мінскай абласной сельскагаспадарчай  вопытнай станцыі «Натальеўск». Новыя  гатункі суперэліты больш раяніраваныя. Зараз  насенне яравых культур, атрыманае ў ЭБ «Зазер’е», знаходзіцца на праверцы ў інспекцыі па насенняводстве і каранціне. Пасля атрымання пасведчання аб сертыфікацыі насенне  змогуць  адправіць на продаж.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *