Земляробы СГФ «Дрычын» разлічваюць на добры ўраджай
Пакуль стаіць няўстойлівае надвор’е з начнымі замаразкамі, аграном—насеннявод сельгасфіліяла “Дрычын” Вольга Фіневіч з раніцы кантралюе тэмпературу паветра і глебы. Робіцца гэта для таго, каб не ўпусціць момант, калі па тэхналагічных патрабаваннях (якія ўлічваюць і тэмпературныя паказчыкі) лепш праводзіць сяўбу яравых збожжавых.
— Пад яравыя зерневыя ў сельгасфіліяле выдзелена 800 гектараў. Яравы клін сёлета меншы, чым летась, — адзначае Вольга Мікалаеўна. — Улічваючы вопыт мінулых гадоў, мы пасеялі больш азімых зерневых, якія, дарэчы, добра перазімавалі. У мінулым годзе азімай пшаніцы сабралі па 38 цэнтнераў з гектара. Сёлета плануем атрымаць не менш 40 цэнтнераў. Мы пасеялі азімыя ў добрыя агратэхнічныя тэрміны, захоўваючы тэхналогію, а ў бліжэйшы час падкормім і правядзём ахоўныя мерапрыемствы.
Тэмпературны рэжым зараз мае істотнае значэнне. У сельгасфіліяле 70 працэнтаў глебы мінеральныя, пераўвільготненыя, і тэхніка не на кожным участку можа працаваць. Паколькі надвор’е яшчэ не дазваляе працаваць сеялкам поўны светлавы дзень, у гаспадарцы выкарыстоўваюць час для запраўкі глебы фосфарнымі і калійнымі ўдабрэннямі, якія ўносяць Мікалай Гулякевіч і Аляксей Вальковіч.
Увосень у гаспадарцы правялі зяблівае ворыва на плошчы 1550 гектараў. І сёння гэта дазваляе эканоміць час, праводзячы на гэтых землях толькі культывацыю. Выконвае гэтую работу Уладзімір Шыманскі, а закрывае вільгаць Дзмітрый Гаргун. Галоўныя сеяльшчыкі на яравой сяўбе Аляксандр Туміловіч і Сяргей Голуб, якіх камандзіравалі з Мінскага малочнага завода № 1. А вось ганаровае права засеяць першыя гектары атрымаў вопытны механізатар гаспадаркі Аляксей Шрэйдар.
— Мы забяспечаны сваім якасным насеннем першай рэпрадукцыі, — кажа аграном. — Упершыню пасеем на кармавыя мэты новую для нас культуру — сорга, якая багатая клятчаткай. У планах таксама сяўба люцэрны. Мы набылі адну тону элітнага насення. А яшчэ, калі ўсталюецца пастаянная плюсавая тэмпература, неабходна будзе пасеяць 650 гектараў кукурузы і 150 гектараў цукровых буракоў, што значна больш, чым летась. Для сяўбы гэтай культуры ў сельгасфіліяле набылі спецыяльную сеялку.
Сёння працаўнікі СГФ “Дрычын” сочаць за тэмпературай. Стаіць задача правесці сяўбу азімых зерневых за дзесяць рабочых дзён.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.