Земляробы СУП «Дукора-Агра» завяршылі сяўбу яравых збожжавых культур 

Андрэй Давыдзенка.

У СУП «Дукора-Агра» за восем рабочых дзён пасеялі раннія яравыя збожжавыя культуры.  Яны занялі 950 гектараў. На палетках працавала тры сеяльшчыкі.

Для галоўнага агранома гаспадаркі Сяргея Ракуцькі гэта пасяўная ўжо дваццаць чацвёртая. Усе асаблівасці ён ведае да дробязяў: якую культуру і на якіх палях пасеяць, як сабраць добры ўраджай.

— У мінулым годзе мы сабралі 42 цэнтнеры збожжа з гектара, — адзначае Сяргей Мікалаевіч. Сёлета плануем атрымаць не менш. Для гэтага  сеялі ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны і ў добра падрыхтаваную зямлю. Унеслі ўсе неабходныя ўдабрэнні. На сяўбе працавалі вопытныя механізатары Сяргей Фралоў, Андрэй Давыдзенка і Віктар Мялаў, якія разам ў дзень засявалі да 120 гектараў.

Сяргей Фралоў.

Нядрэнныя віды на ўраджай і ў азімых збожжавых культур. У гаспадарцы павялічылі іх клін да 1370 гектараў. Ужо можна сказаць, што перазімавалі палі добра. Зараз ідзе падкормка, што дазволіць збожжавым  пайсці ў рост. Першымі апрацоўваюць 450 гектараў рапсу. Займаюцца гэтымі работамі Мікалай Судняковіч і Дзмітрый Хазянін.

— Пасяўная кампанія сёлета прайшла  хутка, — кажа дырэктар СУП «Дукора-Агра» Аляксандр Славікоўскі. — Усе працавалі  зладжана і на падрыхтоўцы глебы, і на ўнясенні ўдабрэнняў.

Усіх, хто шчыруе ў полі, забяспечваюць двухразовым харчаваннем.

Сяўба яравых культур паклала пачатак іншым вясеннім работам. Зараз у сельгасарганізацыі пачынаюць праводзіць хімпраполку, рыхтуюцца да сяўбы кукурузы.  Пад гэту культуру тут адвялі 700 гектараў.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *