Жывёлу — у поле. У раёне пачаўся пашавы перыяд
У сельгасарганізацыях пачаўся пашавы перыяд. Як вядома, летнія месяцы — гэта час атрымання вялікага малака. І жывёлаводы імкнуцца скарыстаць яго з найбольшай аддачай.
У ААТ «Аграсімвал» буйную рагатую жывёлу пачалі выганяць на пашу ў канцы красавіка паступова, каб яна прывыкала да новых умоў утрымання.
— Адаптацыя прайшла нядрэнна, — лічыць галоўны заатэхнік ААТ «Аграсімвал» Кацярына Уласень. — Трохі зменшыліся надоі толькі ў першы дзень, а затым пачалі атрымліваць прыбаўку. Галоўнае — выконваць тэхналогію пасьбы. Адной карове трэба з’ядаць не менш за 60 кілаграмаў зялёнай масы ў дзень. На пашы абавязкова ёсць соль, вада. Выпасаюць жывёлу на пашы з разнатраўя, ураджайнасць якога каля 60 цэнтнераў з гектара.
На летне-пашавым утрыманні зараз у гаспадарцы 800 галоў буйной рагатай жывёлы з МТК «Бор» і 200 з малочнатаварнай фермы «Гарэлец».
У гаспадарцы пачалі падкошваць азімую свірэпіцу, пад якую адвялі 52 гектара. Гэтая культура выдатна падыходзіць у якасці першага зялёнага корму. Перавагі яе жывёлаводы ўжо ацанілі: выкарыстоўваюць на зялёны корм цялушкам і дойнаму статку, які знаходзіцца на круглагадовым утрыманні на ДМБ «Бор», цялятам на дарошчванні. Гэта бялковая культура дае значную прыбаўку малака. Напрыклад, дойным каровам яе даюць з разліку 25 кілаграмаў на ўмоўную галаву. У кармушку трапляюць таксама сілас, салома, шроты і мука. Цялушкам дадаюць сянаж і салому, цялятам яшчэ камбікорм КР-2 і муку ўласнага памолу. Такое разнастайнае меню, вядома, дае аддачу не толькі ў атрыманні малака, але і ў прывагах жывёлы.
Акрамя таго, у летне-пашавы перыяд жывёла атрымлівае вітамін Д, вельмі неабходны для ўмацавання фізічнага стану.
— З пачатку года вытворчасць малака па нашай гаспадарцы складае 107 працэнтаў да адпаведнага перыяду мінулага года, — расказвае Кацярына Мікалаеўна. — Сёння ў сельгасарганізацыі дояць па 12,5 кілаграма малака на ўмоўную галаву, а ў мінулым годзе толькі 11 кілаграмаў. Трэба адзначыць, што сёлета ў гаспадарцы павялічылася і пагалоўе буйной рагатай жывёлы.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.