Жыхары дома №14 па вуліцы Новая Зара на вуліцы ладзяць сумесныя святы
Двор дома №14 па вуліцы Новая Зара можна смела назваць самым дружным і вясёлым. Тут любяць ладзіць сумесныя святы. Дзень маці, свае “Дажынкі” і нават Дзень элегантнага ўзросту — нагода для сумеснага адпачынку суседзяў заўсёды знойдзецца, асабліва калі ёсць ініцыятыўны арганізатар.
Такі чалавек з творчым запалам і энергіяй — Зоя Асанава. Яна любіць аб’ядноўваць суседзяў за сумесным адпачынкам. Усё пачынаецца з афішы мерапрыемства: жанчына малюе яе сама і вывешвае каля пад’езда. Пасля сцэнарый і запрашэнне артыстаў: без музыкі і баяна свята не адбудзецца.
— Пры падрыхтоўцы нашага апошняга свята “Дажынкі” мне вельмі дапамаглі салісты хору ветэранаў Валянціна Лявонава і Анатоль Сіманаў. За музычнае суправаджэнне хачу падзякаваць Івану Дубінцу, — расказвае Зоя Асанава. — Такі сумесны адпачынак аб’ядноўвае суседзяў. Большасць з нас ужо даўно на пенсіі, але мы стараемся не заўважаць свой узрост. Бачылі б вы, як мы дружна гулялі ў ручаёк! Таму і ладзім падобныя святы. Спадзяюся, што да нас будуць далучацца і новыя жыхары дома.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.