«Знаёмыя мясціны Пухавіччыны для мяне зноў адкрыліся з нечаканага боку»
Прыгоды і ўрокі пухавіцкага Капіталізму
Дзякуючы праекту “Геній майго месца”, знаёмыя мясціны Пухавіччыны для мяне зноў адкрыліся з нечаканага боку. З Юрыем Важнікам мы ўжо падарожнічалі па сцяжынках Юзэфа Бакі і акунуліся ў містэрыю парадоксаў. Тэма апошняга нашага падарожжа — “Прыгоды і ўрокі пухавіцкага капіталізму”. Нагодай для ўзнікнення менавіта такога маршруту стала юбілейная дата — 30-годдзе прадпрымальніцтва ў Беларусі, якое адзначалася зусім нядаўна. Юрый Пятровіч з датай катэгарычна не згодзен. Ён ўпэўнены, што прадпрымальніцтву на нашых землях ужо некалькі стагоддзяў. І мэта турыстычнага маршруту, з якім знаёміў мяне Юрый Пятровіч, — даказаць менавіта гэта.
Пачнём з напаміну: прадпрымальніцтва — гэта самастойная дзейнасць, якая ажыццяўляецца на сваю рызыку і накіравана на сістэматычнае атрыманне прыбытку ад валодання маёмасцю, продажу тавараў, выканання работ або аказання паслуг. Яго развіццё паралельна з іншымі з’явамі прывяло да ўзнікнення капіталізму, які існаваў і на нашых землях. Праўда, даволі кароткі тэрмін па гістарычных мерках. Пра тое, як усё гэта развівалася на Пухавіччыне, мы і вялі размову.
Першай вялікай суполкай прадпрымальнікаў на тэрыторыі нашага раёна Юрый Пятровіч лічыць татар, якія прадавалі… сябе, а калі дакладней, свае ваенныя ўменні. Яны былі наёмнікамі, а гэта ўжо прадпрымальніцтва. Татары з’явіліся на беларускіх землях у канцы XIV стагоддзя. Яны прыйшлі сюды па запрашэнні Вялікага князя Літоўскага Вітаўта для вайсковай службы. Такія назвы населеных пунктаў, як Кадунова, Матарова, Караваева, Кеціна — гэта сляды прысутнасці татар на Пухавіччыне. Усе гэтыя вёскі былі дадзены наёмнікам за службу для кармлення.
Другі след прадпрымальніцтва — гэта яўрэйская дыяспара. Вузляны, Пухавічы, Дукора — населеных пунктаў, дзе яўрэі вялі сваю прадпрымальніцкую дзейнасць, у нас шмат.
Прадпрымальнікамі былі і ўсе памешчыкі. Адзін з яркіх — Юзэф Прозар, уладальнік Дудзіч. Цудоўным гаспадаром быў Леон Ашторп, які ў Дукоры пабудаваў адзін з лепшых маёнткаў у акрузе і, дзякуючы гэтаму, быў маршалкам Мінскім. А далей — Ратынскія, Янішэўскія і іншыя.
Сляды непасрэдна капіталізму мы пачалі шукаць у ваколіцах Мар’інай Горкі — у Навасёлках і пасёлке Мар’іна. У Навасёлках існаваў маёнтак, гаспадаром якога ў 1861 годзе стаў памешчык Баніфацый Крупскі. Адзін факт з біяграфіі гэтага чалавека: ён быў актыўным удзельнікам Літоўскага сельскагаспадарчага таварыства, створанага з мэтай падтрымкі развіцця сельскай гаспадаркі ў новых умовах пасля адмены прыгоннага права, а таксама адным з аўтараў статуту гэтай арганізацыі. Пасля паўстання 1863-1864-х гадоў маёнтак у Крупскага быў канфіскаваны, а гаспадар апынуўся ў Сібіры. Навасёлкі перайшлі да Льва Макава, які стаў ініцыятарам стварэння Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, мэты якога ў эканамічным плане былі сугучнымі з тымі, што ставіла перад сабой арганізацыя, да якой належаў Крупскі. Такое вось супадзенне…
Тут ёсць неабходнасць напомніць: Макаў мае дачыненне да арганізацыі зямельнай школы (цяперашні Мар’інагорскі аграрна-тэхнічны каледж), якая пачала рыхтаваць кваліфікаваных наёмных работнікаў і ўпраўленцаў для сельскай гаспадаркі. Гэта яшчэ адзін крок у развіцці новых на той час эканамічных адносін. І ўсе гэтыя падзеі — далёка не местачковага ўзроўню. Смела можна сцвярджаць, што Пухавіччына зрабіла свой важкі ўклад у зараджэнне сельскага капіталізму ў Беларусі.
Ад Мар’іна мы накіраваліся ў Рудзенск. Ехалі ўздоўж чыгункі, бо менавіта яна дала мацнейшы штуршок для развіцця капіталістычных адносін на Пухавіччыне. Яна і сама помнік капіталізму: Лібава-Роменская чыгунка — гэта праект, рэалізаваны на прыватныя сродкі. Канцэсія на будаўніцтва дарогі была выдадзена інжынеру Карлу фон Мекку. Будавалася дарога ў 1871-1874-я гады. Казною яна была выкуплена ў маі 1891 года. Фон Мекк зарабіў на гэтым праекце дзясяткі мільёнаў рублёў.
З’яўленне чыгункі змяніла і адміністрацыйную карту Пухавіччыны. На ёй з’явіліся чыгуначныя станцыі Мар’іна Горка і Рудзенск, якія сталі кропкамі прыцягнення для прадпрымальніцтва. Як гэта працавала, Юрый Пятровіч паказаў мне на прыкладзе Янішэўскіх — аднаго з буйнейшых землеўладальніцкіх родаў на нашых землях.
З Рудзенска мы ехалі праз Варшаўку, Васількі, Цітву ў напрамку Русаковіч. Усе гэтыя населеныя пункты, а яшчэ Варонічы, Ліпск, Антанова, Бор і многія іншыя, некалі належылі роду Янішэўскіх, якія добра кіравалі сваімі землямі, імкнуліся ладзіць з суседзямі. Напрыклад, адзін з братоў мастака Генрыха Вейсенгофа, сям’і якога належалі Русаковічы, меў жонку з роду Янішэўскіх. Гэты шлюб гарантаваў добрасуседскія адносіны, дзякуючы чаму быў рэалізаваны звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю буйны праект па будаўніцтве канала.
Янішэўскія, як руплівыя гаспадары, хутка ацанілі, якія выгоды для перасоўвання тавараў, а, значыць, павелічэння гандлю, дае чыгунка. Але да яе вялікія аб’ёмы тавараў, у ліку якіх была і драўніна, патрэбна было яшчэ даставіць. І ў гэтым плане ў той час вялікую ролю адыгрывалі водныя шляхі. Вось тут і нарадзіўся праект будаўніцтва канала, які б дазваляў з цітвянскага краю даставіць тавары да чыгуначнай станцыі ў Мар’інай Горцы. Пабудаваны ён быў у 1883 годзе. Пачынаўся з Пцічы каля Русаковіч і з’ядноўваў яе з Цітаўкай, якую таксама ператварылі ў канал. Прычым падчас будаўніцтва пайшлі на тое, каб разбурыць некалькі прыбытковых вадзяных млыноў, якія стаялі на Цітаўцы. Можна ўявіць сабе, якую інвестыцыйную выгаду ад канала чакалі, калі пайшлі на гэта. Прычым не ўсе млыны належалі Янішэўскім. Але тыя змаглі ўгаварыць іншых уладароў. Капіталізм умеў дамаўляцца… Канал гэты, які носіць назву Жалундавы, існуе і зараз. Па ім можна прайсці на байдарках і трапіць з Пцічы праз Цітаўку ў Свіслач. А мы пад’ехалі да яго з боку Русаковіч, каб яшчэ раз паглядзець на гэты своеасаблівы помнік капіталізму ў нашым раёне.
Завяршылі сваё падарожжа мы ў вёсцы Шыманаў Кут, дзе некалі знаходзіўся фальварак Ануфрова (таксама належаў Янішэўскім). Тут захаваўся адзін з будынкаў бровара, які быў узведзены ў 1906 годзе (хутчэй за ўсё, склад). Ён тыповы: такія яшчэ сустракаюцца і ў Беларусі, і ў Польшчы. І тым, каму цікава пабачыць прыклад прамысловай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя, варта прыехаць у Шыманаў Кут, дзе падарожнікаў чакаюць і іншыя цікавыя рэчы. Напрыклад, энтузіясты стварылі тут самае сапраўднае поле для гольфу! А на ландшафце яшчэ добра вызначаецца месца, дзе некалі знаходзіўся фальварак, і, калі пашанцуе, там можна знайсці звязаныя з гісторыяй прадметы. А яшчэ там можна палюбавацца дзіўнымі лашадкамі і проста прыгожымі краявідамі. І да чыгункі вярнуцца па самай старажытнай у раёне дарозе, якая некалькі стагоддзяў аб’ядноўвала буйнейшыя ў нашым краі населеныя пункты — Пухавічы, Блонь, Навасёлкі, Цітву. З цягам часу іх лёс змяніўся, і зараз не ўсе з іх уваходзяць у спіс буйнейшых. А пачатак для перамен паклаў… капіталізм. З яго гісторыі можна вынесці некаторыя ўрокі.
Наталля ПАРХОМЧЫК.