Асаблівы дзень… асаблівы год…

«Сёння асаблівы дзеньЗ горада прыйшла  доўгачаканая  вестка: пасля паспяховай здачы экзаменаў Маруся залічана вучаніцай Марыінскай гімназіі, што ў горадзе ВіцебскуІ вось шчаслівая дзяўчынка спяшаецца  да  сваёй  сяброўкісасны, каб падзяліцца гэтай радасцю і развітацца з бесклапотным дзяцінствам…».

Так распавядае пра сваю бабулю ў артыкуле «Дынастыі педагогаў — быць!» (часопіс «Алеся») настаўнік беларускай мовы і літаратуры Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната Святлана Тарноўская, прадстаўнік трэцяга пакалення педагагічнай дынастыі, якая зарадзілася, як аказалася, менавіта тады, у мінулым стагоддзі, у 1907 годзе, у той асаблівы для бабулі дзень. 

img_9688Марыя Бараноўская (бабуля Святланы) пасля заканчэння гімназіі працавала настаўніцай рускай мовы, але марыла атрымаць вышэйшую адукацыю. І дзякуючы свайму імкненню яна ўсё ж стала адной з першых студэнтак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які адкрыў свае дзверы ў 1921 годзе. На філфаку, куды паступіла Марыя Бараноўская, выкладаў сам Якуб Колас. 

Мужам Марусі стаў выпускнік  Мінскага педага-гічнага інстытута Сцяпан Сідорык. Педагогі пражылі няпростае жыццё, прайшоўшы праз выпрабаванні, якія былі абумоўлены складаным гістарычным часам — часам рэпрэсій, голаду, эпідэмій.  Але нягледзячы ні на што (часам не атрымліваючы грошы, прадукты), настаўнікі не кінулі працу: вучылі дзяцей, дапамагалі ім перажыць жахі акупацыйнага рэжыму, падтрымлівалі надзею на хуткую перамогу і лепшае жыццё. 

У гэтай дзіўнай інтэлігентнай сям’і нарадзілася ў 1938 годзе маці Святланы Тарноўскай. Здарылася гэта тады, калі настаўніцкая пара Сідорыкаў працавала ў Анетоўскай сямігадовай школе. З самага дзяцінства, расказвала маці, у іх хаце заўсёды гучала беларуская гаворка, таму што Сцяпан Калінкавіч шанаваў усё беларускае, кіраваў хорам беларускай песні і іграў сам на беларускіх інструментах. І бясконца верыў у справядлівасць. Але ж гэтая вера не зберагла настаўніка ад рэпрэсій і ссылкі ў Сібір. Бабуля як жонка ворага народа была саслана на Урал, дзе таксама працавала ў школе. Толькі ў канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя сям’я вярнулася ў Рудзенск. Да таго часу маці Святланы Уладзіміраўны скончыла Уральскі дзяржаўны ўніверсітэт і адразу прыйшла працаваць у Рудзенскую дапаможную школу. Выкладала, як у свой час і яе маці, рускую мову і літаратуру. 

Па шляху дзядулі, бабулі і маці пайшла і  Святлана. У матчыну школу працаваць з няпростымі дзеткамі Святлана ўладкавалася спачатку выхавальнікам, а потым стала выкладаць беларускую мову і літаратуру. І робіць гэта ўжо 35 гадоў. Тут жа, побач з ёю, цяпер працуюць яе малодшая дачка Алена (чацвёртае пакаленне педагогаў) і нявестка Дар’я. 

Напэўна, расказ аб усіх гэтых людзях мог бы быць значна больш поўным і займальным: у нашай гутарцы са Святланай Уладзіміраўнай я пачула шмат цікавых гісторый. І, калі шчыра, пашкадавала нават, што пра ўсё гэта я даведалася перад Новым годам, а не перад Днём настаўніка. Тады, напэўна, матэрыял атрымаўся б трохі іншым. Але наша гутарка здарылася з іншае нагоды, безумоўна, вельмі прыемнай і, я ўпэўнена, усё ж звязанай з гісторыяй, расказанай вышэй.

 — 2016 год стаў для мяне асаблівым. Я змагла перамагчы ў рэспубліканскім конкурсе «Сучасныя тэхналогіі спецыяльнай адукацыі», удзел у якім прымала і раней. Але тады я заняла трэцяе месца з работай «Камунікатыўныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы ў старэйшых класах дапаможнай школы», — расказвае Святлана Уладзіміраўна. —  Новая мая работа «Тэхналогія каляровага ўспрымання навакольнага свету ў рамках тэхналогіі эфектыўнага ўрока пры вывучэнні роднай мовы і літаратурнага чытання ў старэйшых класах дапаможнай школы» была  прызнана  членамі  журы  лепшай.  Акрамя таго, я трымаю ў руках толькі што выдадзены падручнік па беларускай мове, над якім я працавала разам з дацэнтам Антанінай Змушко, начальнікам аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, кандыдатам педагагічных навук.  Яна прапанавала мне стварыць падручнік, які будзе не падобны на іншыя. І, я думаю, што ён атрымаўся менавіта такім. 

У аснове падручніка — распрацоўкі ўрокаў Святланы Уладзіміраўны. 

— Я маю дастаткова вялікі вопыт работы з дзеткамі дапаможнай школы, — кажа аўтар падручніка. — І добра разумею, як няпроста бывае педагогам такіх школ выкладаць на беларускай мове, бо ў нас навучаюцца дзеці, якія маюць абмежаванні. І калі педагог звычайнай школы вымярае эфектыўнасць засваення матэрыялу баламі, атрыманымі вучнямі ў выніку кантрольных апытанняў, а потым —  вынікамі тэсціравання, то для нас паспяховасць заключаецца ў тым, што дзіця задае табе пасля ўрока пытанне ці просіць кнігу для чытання.  Так што мая галоўная задача — зацікавіць вучняў. 

Для гэтага Святлана Уладзіміраўна прыдумала работу з колерамі. Адценні колераў — гэта асацыяцыі, гэта эмоцыі, гэта настрой, гэта фантазія. Скажу шчыра, маё настаўніцкае мінулае не магло не нагадаць пра сябе, і я, забыўшыся на час і асяроддзе, прынялася ўнікаць у цікавую тэорыю навучання па колерах. Гэта, паверце, захоплівае.  Адарвацца было  няпроста.  Як  няпроста часам было і вырашыць пэўныя заданні. Упэўнена, што такая методыка цалкам магла б быць запатрабавана і ў звычайнай школе.

— Усе гэтыя знаходкі прыйшлі з вопытам работы, — кажа Святлана Уладзіміраўна.  —  Калі ты працуеш з дзецьмі, якім цяжка засвойваць  любыя  новыя  веды, ты імкнешся   менавіта    праз   цікавасць  паспрабаваць нешта данесці да выхаванцаў.  Вось гэтыя каляровыя рысачкі з паперы мне вельмі дапамагаюць у гэтым. Гледзячы на падборкі колераў, школьнікі фантазіруюць, складаюць апавяданні, запамінаюць лексіку. 

Але ў кнізе не гэта галоўнае. Галоўнае, што любы педагог, адкрыўшы падручнік, знойдзе там не проста рэкамендацыі, а адразу гатовыя ўрокі. Прычым з заданнямі, разлічанымі на розны ўзровень падрыхтоўкі дзяцей. 

— Я буду вельмі рада, калі падручнік здасца карысным, — гаворыць настаўніца беларускай мовы і літаратуры. — Мне хацелася падзяліцца распрацоўкамі са сваімі  калегамі,  дапамагчы ім. І я шчасліва, што ўжо выйшла першая частка падручніка. На падыходзе — другая. 

А ў бліжэйшых планах у Святланы Тарноўскай ажыццяўленне яшчэ адной мары, таксама звязанай з выдавецтвам. І тут гаворка зноў ідзе пра творчасць. Але ўжо пра паэтычную: Святлана піша не толькі падручнікі, але і вершы. І гэта адназначна звязана з генетыкай, з творчымі схільнасцямі яе продкаў. 

— Мае вершы публікаваліся ў газетах, у калектыўных зборніках. Але я мару пра тое, каб выйшаў і мой уласны зборнік. Для яго я падрыхтавала каля сямідзесяці, на мой погляд, нядрэнных вершаў. І шчыра спадзяюся, што 2017 год стане для  мяне  такім  жа  паспяховым,  такім  жа асаблівым, якім быў год  мінулы.

Алена   ШАНТЫКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *