Людміла Іванова — заснавальнік музея ў Азярычынскай СШ.

Восьмая-2Немудрагелістая дзіцячая гульня была перапынена, калі чорны цень самалёта з крыжам на борце прамільгнуў прама над галавой маленькай дзяўчынкі. Яна ведала, што  гэта за самалёт, таму адразу кінулася ў дом, дзе павінна была знаходзіцца маці. Але дома чамусьці нікога не аказалася. Дзяўчынка бегла па апусцелай вясковай вуліцы, спрабуючы схавацца ад выбухаў снарадаў і знайсці хоць каго-небудзь. Але ні ў адной хаце людзей не было. Між тым, самалёт зноў і зноў заходзіў над вёскай…

Гэты самалёт, што бамбіў вёску, — першыя ўспаміны пра вайну, якія і сёння жывыя ў памяці былога дырэктара Азярычынскай СШ Людмілы Івановай.

— А яшчэ я, нягледзячы на  ўзрост (Людміла Іванова нарадзілася ў 1938 годзе), добра  памятаю дзень, у які нашу вёску спалілі, — расказвае Людміла Дзмітрыеўна. — Напярэдадні 8 сакавіка 1943 года ў вёсцы чакалі карны атрад. Чакалі некалькі тыдняў запар. Было нават арганізавана дзяжурства, каб жыхароў не засталі знянацку. Але чамусьці менавіта ў гэты дзень ніхто не заўважыў, як у вёску ўваходзяць фашысты. Я першай убачыла людзей, апранутых у белыя маскхалаты. І пабегла ў хату, каб паведаміць пра гэта бацькам. Мы ўсе схаваліся ў зямлянку, але фашысты паспелі ўбачыць нас. Зямлянку закідалі гранатамі. Калі б яна не была такой глыбокай, наўрад ці хто-небудзь з нас выжыў. Але ўявіце, што мы адчувалі, калі прама над галавой разрываліся гранаты. А потым наступіла цішыня… І нямецкая гаворка… Фашысты стаялі і чакалі, пакуль мы ўсе павыбіраемся з зямлянкі. Яны былі ўпэўнены, што сярод нас ёсць партызаны…

Вёску ў той дзень фашысты спалілі. Памятаю, як хутка ўспыхвалі саламяныя дахі дамоў… Шмат аднавяскоўцаў загінула. Мужчын забралі і пагналі ў Рудзенск. Сярод іх былі бацька і брат, якога адтуль адправілі ў Германію. Ён прабыў у канцлагеры аж да 1945 года. Мы, на шчасце, засталіся тады жывыя. Але, як і многія, вярнуліся на папялішча…

Памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны ў сям’і Івановых жыве яшчэ і таму, што жывуць успаміны пра Сяргея Мікалаевіча Іванова, камандзіра 2-й Мінскай партызанскай брыгады імя Панамарэнкі, мужа Людмілы Дзмітрыеўны і бацькі Наталлі Сяргееўны Івановай, якая сёння працуе настаўнікам у роднай школе ў вёсцы Азярычына. Усё жыццё дачкі партызанскага камандзіра з самага дзяцінства было звязана з апавяданнямі пра той час, калі і ў партызанскіх лясах набліжалася наша агульная перамога. Зусім не выпадкова, што тэмай сваёй дыпломнай работы Наталля Іванова абрала дзейнасць 2-й партызанскай брыгады імя Панамарэнкі. І абараніла дыплом на выдатна.

Нельга назваць выпадковасцю і рашэнне Людмілы Дзмітрыеўны стварыць у школе, дзе яна на той час ужо  была дырэктарам, музей памяці партызан, якія змагаліся з ворагам на тэрыторыі акупіраванай Беларусі.

— У 1973 годзе разам з маім намеснікам Уладзімірам Басалаем мы пачалі збіраць успаміны былых партызан, — расказвае Людміла Іванова. — Шукалі адрасы, пісалі лісты, запісвалі апавяданні жывых сведак падзей вайны, збіралі экспанаты. І праз няпоўныя два гады да стогадовага юбілею нашай школы мы адкрылі музейную экспазіцыю, якая стала не толькі сховішчам дакументаў, фатаграфій і экспанатаў, але і месцам сустрэч былых партызан. Тут заўсёды было шмат гасцей. Два гады таму ў гасцях у нас быў ветэран з Масквы, які партызаніў у нашых мясцінах. Ён прыехаў са сцягам, з якім штогод ходзіць на Чырвоную плошчу 9 Мая. А ў мінулым годзе прыязджала ўнучка Рыгора Юркевіча, камісара брыгады. Наш музей для гэтых людзей  —   вельмі дарагое месца…IMG_2539 (копия)

Але і цяперашняе пакаленне школьнікаў добра ведае, што адно са школьных памяшканняў — не проста кабінет. Тут захоўваецца памяць пра дзядоў і прадзедаў. І моладзь уносіць свой уклад у тое, каб музейная экспазіцыя папаўнялася.

— Сёння ёсць магчымасць карыстацца адкрытымі архівамі і знаходзіць звесткі пра салдат Вялікай Айчыннай вайны, — кажа Наталля Іванова. — Таму і вучні нашай школы займаюцца пошукам дадзеных аб загінуўшых родных. І знаходзяць. Юля Карабко, напрыклад, напісала сваю першую даследчую працу пра тое, як яна шукала дадзеныя пра свайго прадзеда Рамана Моўчана. А, між іншым, да нядаўняга часу  пра яго лёс амаль нічога не было вядома.

— Хацелася б, каб у музеі разам з успамінамі ветэранаў вайны з’явіліся і ўспаміны дзяцей вайны, — кажа Людміла Дзмітрыеўна. — Я пачала збор матэрыялаў: правяла некалькі гутарак з землякамі, але з кожным годам рабіць гэта ўсё складаней…

Так, гады ідуць… У Азярычыне сёння ўжо не засталося ніводнага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, менш становіцца і сведкаў тых падзей. У музеі цяпер збіраюцца нашчадкі. Па сямейнай традыцыі экскурсіі для іх праводзяць Наталля і Аліна — дачка і праўнучка камандзіра партызанскай брыгады (на здымку з Людмілай Дзмітрыеўнай Івановай).  Яны не ведаюць, на шчасце, што такое вайна. Але дакладна ведаюць, што іх продкі хацелі б, каб ніхто нават у сне не перажыў тое, што калісьці перажыла маленькая дзяўчынка, дзіцячую гульню якой на вуліцы перапыніла бамбёжка…

Алена ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *