ПСУ “Рудзенскае”. Адданыя выбранай справе.

Не памылюся, калі скажу, што работа сельскіх працаўнікоў — адна з самых складаных і адначасова незаменных. Клопаты вяскоўцаў заўсёды  неадкладныя: усе земляробчыя работы павінны быць тэрмінова зроблены, а кармленне і даенне жывёлы на фермах —  абавязковыя штодзённыя працэсы. 

Слесар Уладзімір Крывашэяў і зпгадчыца МТФ "Крыніца" Любоў Быстрова.

Слесар Уладзімір Крывашэяў і загадчыца МТФ «Крыніца» Любоў Быстрова.

Як і многія работнікі сельскай гаспадаркі, калектыў ПСУ “Рудзенскае” УП “Мінскметрабуд” святочныя  дні часта сустракае на працы. У рупліўцаў гаспадаркі даўно няма звычкі скардзіцца і наракаць на гэтыя цяжкасці, бо справа ладзіцца толькі тады, калі працуеш плённа і самааддана.

Чарговы сельскагаспадарчы сезон набіжаецца да фінішу. Вынікі большасці земляробчых работ ужо падведзены.  Сёлета намалочана 4733 тоны збожжа, што на 1509 тон больш у параўнанні з мінулым годам. Зернем рапсу засекі гаспадаркі папоўніліся на 405 тон, і гэта на 353 тоны больш, чым у мінулым годзе.

Механізатар Ігар Блашко.

Механізатар Ігар Блашко.

У гэтым дасягненні земляробам паспрыяла надвор’е. Аднак і яны загадзя нямала папрацавалі на ўраджай: унеслі ўвесь комплекс арганічных угнаенняў,  фосфарных  і азотных удабрэнняў, паклапаціліся аб сродках аховы раслін. Фуражным зернем і кармамі на зіму сябе забяспечылі поўна-сцю. Нарыхтавана 24 цэнтнеры  кармавых адзінак на ўмоўную галаву. Добра папрацавалі на ўборцы саломы. Іван Паддубоцкі запрасаваў 1200 тон.

Цяпер агранамічная служба вядзе падрыхтоўку да наступнага года. Кіпіць работа на зернетаках: там вядзецца чыстка насення. Канюшына, цімафееўка і ячмень ужо чакаюць свайго часу сяўбы. Хутка завершыцца пратручванне пшаніцы.

Зараз земляробы актыўна вывозяць арганіку на палі. На гэтым відзе работ задзейнічаны Ігар Блашко — адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі. На сельгаспрадпрыемства ён прыйшоў дванаццаць гадоў таму.

Аператары машыннага даення Ірына Ніканорава і Алена Блашко.

Аператары машыннага даення Ірына Ніканорава і Алена Блашко.

— Год я працаваў пастухом, пасля сеў за руль трактара, — расказвае Ігар Сямёнавіч. — Я пастаянна задзейнічаны на сяўбе, падрыхтоўцы глебы і ворыве. Цяпер працую ў звяне з Віталем Шывягам: ён грузіць арганіку.

Паспяхова працуе і галіна жывёлагадоўлі. Сёння ў гаспадарцы  налічваецца 1762 каровы, з іх дойны статак —  672 каровы. Валавы надой за дзесяць месяцаў склаў 27680 цэнтнераў. Надой на карову за гэты ж перыяд — 4131 кілаграм, што на 508 кілаграмаў больш да ўзроўню мінулага года. Малако здаюць  гатункамі “экстра” і “вышэйшы”. За 10 месяцаў прадалі дзяржаве 25343 цэнтнера малака: на 4075 цэнтнераў больш, чым у 2016 годзе. Рост малака звязаны з уводам у агульны статак 36 нецелей.

—Таксама гэты вынік штодзённай карпатлівай працы аператараў машыннага даення, загадчыкаў ферм і жывёлаводаў, — падкрэслівае дырэктар Ігар Бабярэнка. —  Шмат увагі мы надалі  тэхналогіям: вырашылі, што на кожнай ферме павінен быць кормараздатчык і пагрузчык для своечасовага кармлення жывёлы. Набыць неабходную тэхніку нам дапамагло УП “Мінскметрабуд”.Таксама ў гэтым годзе пабудавалі дзве сіласна-сянажныя траншэі на  малочнатаварных фермах. Яны ўжо запоўнены кармамі. За свае сродкі набылі трактар “Беларус -1223”.

Старшыня прафсаюзнага камітэта гаспадаркі Таіса Лапко.

Старшыня прафсаюзнага камітэта гаспадаркі Таіса Лапко.

Па вытворчых паказчыках у гаспадарцы вылучаюцца аператары машыннага даення з МТФ “Крыніца” Ірына Ніканорава і Алена Блашко. Жанчыны працуюць тут больш за 25 гадоў. На ферму  прыйшлі па прыкладзе сваіх матуль. Перад сабой вопытныя аператары машыннага даення ставяць перспектыўныя мэты: надаіць па 5000 кілаграмаў малака. З пачатку года Ірына Аляксандраўна  надаіла 4091 кілаграм на карову, Алена Канстанцінаўна — 4050 кілаграмаў малака.

—Тыя, хто любіць  сваю прафесію, ставяцца да яе асабліва. Алена Блашко і Ірына Ніканорава дакладна з ліку такіх людзей. Іх адносіны да справы бачны па адно-сінах да жывёлы, — гаворыць загадчыца фермы Любоў Быстрова. — У нас склаўся добры калектыў. Мне ў розных пытаннях вельмі дапамагае слесар Уладзімір Крывашэяў.  Важная задача ў нашага тэхніка-асемянатара Таццяны Молчан.

—Я абслугоўваю 64 жывёлы, ёсць у гэтым ліку і цяляты, — расказвае Ірына Ніканорава. —  Ферма ў нас самая звычайная. І асабіста мне так прасцей  працаваць, бо кожная карова  адразу становіцца на сваё месца і ведае сваю мянушку.

Падчас нашай размовы з Ірынай Аляксандраўнай у кароўкі з яе групы нарадзілася цялятка. Выпадкова я ўпершыню стала сведкай такой  цікавай падзеі. Дарэчы, фотаздымак аператараў машыннага даення на ферме мы зрабілі побач з цяляткам, якое нарадзілася ўсяго за некалькі гадзін да нашага прыезду.

Маладыя спецыялісты Ягор Вашкевіч і Святаслаў Касянюк.

Маладыя спецыялісты Ягор Вашкевіч і Святаслаў Касянюк.

Таксама на ферме нядаўна правялі рэканструкцыю цялятніка. Цяпер гэта сучаснае памяшканне на 250 галоў. Ранейшы быў разлічаны на 150.

Ёсць добрыя вынікі таксама ў малочнатаварнай фермы “Русаковічы”. Ірына Камінская даглядае цялят ад нараджэння да чатырох месяцаў. Сярэднясутачная прывага ў вазе ў яе групе  — больш за 800 грамаў.

У калектыў сельгасарганізацыі пастаянна прыходзяць маладыя спецыялісты. Летам сваю працоўную дзейнасць у ПСУ “Рудзенскае” пачалі  брыгадзір сельскагаспадарчага ўчастка Святаслаў Касянюк і аграном па насенняводстве Ягор Вашкевіч.  Маладыя людзі  з Брэсцкай вобласці, прыехалі ў гаспадарку пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Шмат моладзі працуе ў інжынернай службе. Кіраўніцтва гаспадаркі зацікаўлена ў таленавітых кадрах, таму некаторым работнікам прадастаўляе здымныя кватэры.

…Учора ўсяго на некалькі гадзін калектыву сельгасарганізацыі ўдалося  адкласці працоўныя клопаты і сабрацца на святочную праграму ў Рудзенскім Доме культуры.  Дырэктар ПСУ “Рудзенскае” і прадстаўнікі УП “Мінскметрабуд” падзякавалі ўсім за працу і ўзнагародзілі лепшых работнікаў, якія пасля  вярнуліся да сваіх звычайных абавязкаў у няпростай сельскагаспадарчай сферы, якой адданыя ўсім сэрцам.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Шчыра  віншуем усіх цяперашніх  і былых работнікаў нашай гаспадаркі, калег з іншых сельгасарганізацый з прафесійным святам. Дабрабыт сельгас-арганізацыі  залежыць ад вас, нашых работнікаў. Шчыра дзякуем  усім за працу!  Найперш жадаем моцнага здароўя, матэрыяльнага дабрабыту, прафе-сійных поспехаў і працоўных дасягненняў. Няхай здзяйсняюцца ўсе мары, а добры настрой, каханне і ўсмешкі будуць пастаяннымі спадарожнікамі па жыцці.

Адміністрацыя, прафсаюзны камітэт  ПСУ “Рудзенскае”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *