У Мар’інагорскай СШ №2 “ажывілі”… падручнік.
У маіх руках — падручнік гісторыі для 10 класа. Мне паказалі яго ў Мар’інагорскай СШ №2. На першы погляд, ён самы звычайны. Але вучні сцвярджаюць, што, магчыма, я трымаю ў руках падручнік будучага… Каб пераканацца, гартаю старонкі і бачу, што мой экзэмпляр сапраўды адрозніваецца ад іншых. І прычынай таму — каманда вучняў і выкладчыкаў, якія працягваюць навукова-даследчую работу над выкарыстаннем дадаткаў дапоўненай рэальнасці ў працэсе навучання.
У камандзе — настаўнікі Дзмітрый Крывашэй і Наталля Коўшар, а таксама вучні 7-8-х класаў Аляксей Хадыка, Максім Грошаў, Аляксей Коўшар, Раман Мачульскі. Ужо некалькі гадоў запар школьнікі прымаюць удзел у рэспубліканскім конкурсе па распрацоўцы камп’ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці «ПАТРИОТ.by».
Другое месца ў рэспубліцы ў 2015 годзе, два першыя месцы ў вобласці ў мінулым годзе — такімі ўжо былі вынікі навуковай працы дзяцей і педагогаў. Іх навучальныя праекты і распрацаваныя патрыятычныя камп’ютарныя гульні аказаліся пазнавальнымі і цікавымі для моладзі. Найперш таму, што арыентаваны на выкарыстанне гаджэтаў.
І вось нядаўна адбылася чарговая перамога вучняў Мар’інагорскай СШ №2: першае месца ў новым конкурсе «ПАТРИОТ.by» у намінацыі «Их память вечно хранит обелисков гранит…», дзе былі прадстаўлены камп’ютарныя гульні і творчыя праекты, якія раскрываюць гістарычныя падзеі і гераічнае мінулае беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
— У конкурсе спаборнічала 56 вучняў з усіх рэгіёнаў краіны, — расказвае Дзмітрый Крывашэй. — Згодна з умовамі, удзельнікі прадстаўлялі да абароны камп’ютарныя гульні, напісаныя з дапамогай любога даступнага праграмнага забеспячэння. Нашы вучні прадставілі адразу некалькі праектаў. Па-першае, гэта падручнік гісторыі для 10 класа, які цяпер уяўляе сабой навучальны дапаможнік з выкарыстаннем тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. Дадзеная тэхналогія дазваляе з дапамогай дадатковага кантэнту (аўдыё- ці відэаматэрыялаў, 3D-мадэляў) пашырыць уяўленні вучняў аб тэме, якую яны вывучаюць.
Як гэта працуе на практыцы? Проста. Вам патрэбен менавіта той падручнік, над якім працавалі школьнікі, патрэбен смартфон, у якім устаноўлены дадатак (приложение) Aurasma. Далей гартайце старонкі падручніка і шукайце міні-карцінку з выявай відэакамеры альбо QR-код. Сканіруйце абранае — і… дапаўняйце веды пра прачытанае.
Напрыклад, чытаем параграф пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны. У тэксце прыведзены словы песні «Вставай, страна огромная!». Як гучала яна, тлумачыць прадстаўнікам майго пакалення няма неабходнасці. А вось моладзь, пачуўшы арыгінальнае выкананне, жыва ўяўляе, наколькі магутны пасыл зыходзіць ад гэтай песні. І ўспрыманне вершаваных радкоў з падручніка становіцца зусім іншым.
Ці, напрыклад, адсканіраваўшы фота-здымак Сталіна, вы запускаеце відэафільм пра гэтага чалавека і атрымліваеце дадатковую інфармацыю да той, што змяшчалася ў параграфе. Вось так звычайны падручнік ператвараецца ў “жывы”.
Падобная тэхналогія была выкарыстана ў навучальным дапаможніку «Беларусь — наша Радзіма», які першакласнікі атрымалі ў гэтым годзе ў якасці падарунка ад Прэзідэнта Беларусі. Іншых падобных падручнікаў пакуль няма. Атрымліваецца, нашы школьнікі ў пэўным сэнсе з’яўляюцца першапраходцамі.
— Другая частка нашай працы — анлайн-тэсты для самаправеркі, — расказваюць школьнікі. — Калі вы хочаце праверыць свой узровень ведаў па гісторыі — запрашаем на старонку нашага дыстанцыйнага курса. Яна даступна для ўсіх. Выкарыстоўвайце QR-код (глядзі вышэй) і заходзьце. Тут вы знойдзеце тэсты з ЦТ за пяць апошніх гадоў, а таксама навучальныя гульні, распрацаваныя вучнямі школы.
Вучыцеся, гуляючы ў правільныя гульні, — такі пасыл да ўсіх адрасуюць юныя праграмісты-гісторыкі Мар’інагорскай СШ №2. Для іх высокая ўзнагарода ў рэспубліканскім конкурсе — нагода ісці далей, не спыняючыся на дасягнутым.
Алена ІВАНОВА.