Ад жоўтых кветак да алею…

фото1

Вадзіцель Юрый Войніч і аграном-аграхімік Сяргей Сянько

У палітры майскіх фарбаў прыроды жоўтыя рапсавыя  палі,  безумоўна,  займалі  асаблівае месца. Але іх пара цвіцення даўно прайшла. Наступіў час уборкі  гэтай  алейнай  культуры. Абмалочванне  рапсу — надзённае пытанне для   сельгасарганізацый   раёна.

Камбайны ААТ “Племянны завод “Індустрыя” выехалі на палеткі яшчэ 8 ліпеня. Карэктывы ў работу ўносіць надвор’е. Таму земляробы стараюцца эфектыўна выкарыстоўваць час.

У гаспадарцы пад алейную культуру адведзена 226 гектараў.  Зараз камбайны працуюць на полі за майстэрнямі, плошча якога 150 гектараў. Спадзяюцца на добры намалот і высокую ўраджайнасць — 25 цэнтнераў з гектара.

IMG_8143 (копия)

Аляксандр Каралько, Павел Бакіноўскі, Уладзіслаў Бакіноўскі

— Для гэтага года такі паказчык ураджайнасці можна будзе лічыць добрым вынікам, — гаворыць аграном-аграхімік Сяргей Сянько. — Восень была засушлівай, расліна дрэнна ўзыходзіла. Аднак на гэтым вялікім полі мы зрабілі ўсё магчымае, каб атрымаць высокі ўраджай. Вясной правялі хімпраполку, унеслі азотныя ўдабрэнні.

Пакуль нам шанцуе з надвор’ем. У некаторых гаспадарках вобласці рапсу ўвогуле няма: яго знішчыў ураган, які нечакана прыйшоў у Беларусь у сераду. Нас такая бяда мінула. Таму часу мы не губляем: кожны пагодлівы дзень на рахунку.

Абмалочванне рапсу — складаны працэс, нават зерневыя культуры ўбіраць прасцей. Аднак старшы камбайнер Руслан Каралько кажа, што яму наадварот больш падабаецца працаваць з гэтай алейнай культурай. Руслан Аляксандравіч — вопытны камбайнер. Рапс убірае ўжо дванаццаты год. Яго экіпаж пастаянна быў у ліку перадавікоў, і на гэтую ўборачную кампанію ў яго сур’ёзныя задачы.

Павел Бакіноўскі таксама ўбірае рапс. Яго камбайн КЗС-1218 “Палессе GS12” абсталяваны спецыяльнай прыстаўкай, так званым “рапсавым сталом”. Гэтае прыстасаванне  забяспечвае якасную працу камбайна з найменшымі стратамі. Хуткасць уборкі — не больш за 5 кіламетраў у гадзіну, каб пазбегнуць страт. У спякотныя дні камбайны выязджаюць на палі з самай раніцы і працуюць да 10 гадзін, а пасля вымушанага перапынку працягваюць працу з 18 гадзін да позняй ночы.

IMG_8127 (копия)

Руслан Каралько

— Пра гэтых камбайнераў магу сказаць толькі самыя добрыя словы. Яны стараюцца, убіраюць якасна, — працягвае Сяргей Мікалаевіч. — Таксама варта адзначыць  Аляксандра Каралько, Мікалая Пашкова, Анатоля Бязроднага, вадзіцеля Юрыя Войніча. Усе яны — адна зладжаная каманда.  Плануем за 3-4 дні ўбраць увесь рапс. Тэх-ніка дазваляе гэта зрабіць, і нашы камбайнеры гатовы працаваць. Спадзяемся, што надвор’е будзе спрыяць нам і ўсім астатнім хлебаробам.

Ураджай з палёў ААТ “Племянны завод “Індустрыя” будуць здаваць на алей на ААТ “Рапс” і ААТ “Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў”.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *