Аперацыя «Хутка ў школу»

 

IMG_3192Вось і жнівень надышоў. Неяк асабліва непрыкметна пралятае гэта ў цэлым неспякотнае і неласкавае лета. Яшчэ тры тыдні  школьных канікул, і зноў у школу…  Пра гэта нам настойліва нагадваюць не столькі старонкі календара, колькі школьныя кірмашы і шматлікія гандлёвыя палаткі з асартыментам тавараў для школьнікаў.

Я гляджу на тое, як з кожным днём пакупнікоў становіцца ўсё больш, і ўспамінаю сваё дзяцінства і свой жнівень, набліжэнне якога чакала, не схаваю, нават з задавальненнем. Да гэтага часу я звычайна ўжо  адпачывала ад школьных спраў, таму ўсё часцей у думках уяўляла, як буду рыхтавацца да школы, купляць нейкія новыя рэчы. Праўда, шопінг тады і сённязусім розныя мерапрыемствы. Але адчуванне адно: прыемна, згадзіцеся, калі табе нешта купляюць

Цяпер, мне здаецца, змесціва школьнага партфеля  не толькі больш разнастайнае, але і даражэйшае за наша. Хаця набор школьных прадметаў практычна не змяніўся. Ці мне гэта толькі здаецца?

Давайце ўчытаемся ў спіс, складзены маёй скрупулёзнай сяброўкай, якая адпраўляе сёлета дзіця ў школу. Школьная і спартыўная формы, абутак паўсядзённы і спартыўны, рукзак, канцтавары, дзённік, сшыткі, вокладкі, альбомы… Здаецца, усё, што і мне куплялі. А вось і яшчэ! Гаджэты! Без іх ніяк? Кажуць — ніяк.

Ну, і цэны зусім не тыя, што былі раней. Так што збірацца ў школу лепш загадзя, каб жнівень  не  стаў  шокавым  для  вашага бюджэту.

Прайшоўшыся па магазінах, пабываўшы на рынку, я зразумела, што  гэта  правіла абавязкова павінна прымяняцца. Асабліва, калі ў сям’і некалькі школьнікаў. Наўрад ці яны змогуць карыстацца  адным партфелем або цыркулем.

Многія гады было прынята лічыць, што больш прыгожа і бюджэтна можна апрануць дзіця на рынку. Цяпер мне здалося, што меркаванне гэта спрэчнае. Магчыма, цэны на тавары і ніжэйшыя (часам), чым у магазінах, але тавар ні разнастайнасцю, ні якасцю  не адрозніваецца. Немудрагеліста-сінтэтычны варыянт для дзяўчынак можна купіць за 80-100 рублёў (блузка — пасля 20 рублёў, модны сарафанчык — ад 50-60 рублёў, спадніца  —  ад 25-30 рублёў у залежнасці ад памеру і якасці).

Малодшага школьніка можна апрануць у касцюм ад невядомага вытворцы коштам да 60 рублёў. Можна набыць варыянт сарочка / камізэлька прыкладна за 28-40 рублёў. Красоўкі каштуюць ад 30 рублёў. Рукзакі  —  ад   27-30  і  вышэй.  Але, прызнаюся, з усяго ўбачанага я б, напэўна, рашылася набыць адзін толькі сарафан на дзяўчынку гадоў 10-12. Больш нічога не зачапіла. Ні з адзення, ні з абутку, які, зрэшты, усё ж можна знайсці і тут, калі няма прэтэнзій на яго якасць і доўгажыхарства.

Вынік: трэба ісці ў магазін. Найбольшы асартымент адзення для школьніка ў нас у горадзе можна знайсці ў  «Таварах  для  дзяцей».

Ціха было там і нешматлюдна ў апошнія дні ліпеня. Касцюм для школы выбірала толькі  сямікласніца-гімназістка   Аліна   Хлебавец з мамай Таццянай (на здымку).

— А мы і задаволены тым, што няшмат людзей, — усміхаецца Таццяна. —  Хай у сталічных універмагах і большы выбар, але там хутчэй стомішся, чым знойдзеш нешта прынцыпова лепшае па цане і якасці. Асартымент, прадстаўлены ў нашым магазіне, нас задавальняе, таму не першы год ідзём не на рынак, дзе цяпер складана знайсці нешта  якаснае, а менавіта сюды. І загадзя. Падабаецца яшчэ і тое, што  ў  магазіне  працуюць  вельмі  добразычлівыя супрацоўнікі.

У спакойнай абстаноўцы мама і дачка знайшлі ладненькі касцюмчык і засталіся задаволены сваім выбарам.

— У  нашым  магазіне  прадстаўлена  адзенне айчынных вытворцаў — фабрык «Славянка»,   «БелКрэда»,   «Калінка»,  Жлобінскай  фабрыкі. Можна падабраць як першакласніку, так і выпускніку,  —   гаворыць  прадавец  Таццяна Фалькоў-ская. — Блузкі  на  дзяўчынку  можна  купіць  ад  25 рублёў, спадніцу — ад 20, костюмы — ад 50 рублёў. На хлопчыкаў касцюмы даражэйшыя.

У звычайны дзень у магазіне, і праўда, ажыятажу не бывае. Калі гэта не другая палова  жніўня,  то  выручка  складае прыкладна 300 рублёў. Але ў дні распродажаў са зніжкамі 15-20 працэнтаў прыходзіць  нямала  наведвальнікаў.  Тады  ёсць прычына  і  пашкадаваць  аб  невялікіх   гандлёвых плошчах магазіна. Выручка  ў  такія дні складае больш за 3000 рублёў. Значыць, грамадзяне адсочваюць акцыі і спрабуюць эканоміць, збіраючы дзяцей у школу, таму што сумы ў цэлым вымалёўваюцца не малыя. Асабліва, паўтару, калі збіраць  прыходзіцца  не  аднаго  школьніка.  Або школьніка-старшакласніка.

І тут самы час скарыстацца парадамі вопытных і эканомных бацькоў, якія ўмеюць радзей трывожыць свой кашалёк.

— Перад тым, як ісці ў магазін, я правяраю ўсе школьныя прыналежнасці, пераглядаю вопратку, — расказвае эканомная мама Наталля. — Заўсёды знаходзіцца камплект ручак, алоўкаў, запас нявыкарыстаных сшыткаў, вокладак ў нармальным стане. Ну і што, калі набор алоўкаў вы набераце з тых, што былі пару разоў заточаныя? Або альбом дзіця возьме ў школу з адным-двума  леташнімі  малюнкамі ў ім?

Прааналізаваўшы наяўнае, Наталля піша спіс з таго, што варта дакупіць. І строга прытрымліваецца гэтага спісу.

— Паверце, калі вы будзеце купляць усё, што прыглянецца з велізарнага асартыменту школьных прылад і адзення, вы ні ў адну зарплату не ўкладзецеся, — кажа Наталля. — Патрэбнае павінна быць у прыярытэце. А проста прыгожае, але не  надта неабходнае — калі ёсць дадатковыя магчымасці.

Яшчэ адна парада: паспрабуйце не купляць  усё адразу.  Размяркуйце час, прай-дзіце па некалькіх магазінах і прааналізуйце кошт патрэбных рэчаў. Ведаеце ж, што ён можа мяняцца з кожным днём. Нават у  дзяржаўных магазінах у дні зніжак. Тады ў вас дакладна атрымаецца набыць некаторыя рэчы значна танней.

Самыя дасведчаныя могуць скарыстацца для пакупак і інтэрнэт-магазінамі, якія прапаноўваюць і бясплатную дастаўку. Так можна зэканоміць і грошы,  і час.

Не лічыць эканомная мама ганебным для сябе пацікавіцца ў сваіх сваякоў, сяброў, знаёмых, ці няма ў іх якіх-небудзь ужо не патрэбных рэчаў для школьніка. Гэта таксама дапамагае эканоміць.

І яшчэ адно. Не хвалюйцеся, калі не атрымліваецца купіць усё адразу. Дзіця пойдзе ў школу, і вы зможаце паступова, па неабходнасці, набываць яму патрэбныя рэчы.  Час дэфіцыту застаўся ў мінулым.

Алена  ШАНТЫКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *