Асабісты рэкорд Сяргея Абразоўскага 2514 тон збожжа.

 

1 (копия)Колькі ўборачных сезонаў засталося за плячыма механізатара СУП “Дукора-Агра” Сяргея Абразоўскага,  цяжка сказаць і самому хлебаробу.  Аднак сёлетняе жніво для яго  стала адметным: Сяргей Маратавіч упершыню намалаціў 2514 тон збожжа. Ён убіраў ураджай на КЗС- 1218 “Палессе GS12».

— На гэты камбайн сеў чатыры гады таму. Дагэтуль давялося папрацаваць дзесяць гадоў на “Доне”, два гады на “Ніве” і тры гады на КЗРы, — расказвае Сяргей Абразоўскі. — Тысячу стаў намалочваць, калі перасеў на КЗС-1218. Летась намалаціў каля дзвюх тысяч тон. У гэтым годзе — мой асабісты рэкорд.

У гаспадарцы перадавік працуе практычна ўсё жыццё: у Дукору размеркавалі пасля заканчэння Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа. На некаторы час Сяргей Абразоўскі сыходзіў з гаспадаркі ў іншую арганізацыю, але там атрымліваў камандзіроўкі ў СУП “Дукора-Агра” на перыяд жніва. Надоўга з сельскай гаспадаркай механізатар ніколі не развітваўся.

Апошнія гады Сяргей Маратавіч убірае ўраджай разам з памочнікам Сяргеем Буляткіным. Час жніва для хлебаробаў заўсёды доўгачаканы і адначасова напружаны.

— Вынікі працы гавораць пра тое, што ў нас  добрая і зладжаная каманда. На працягу года выдатна папрацавалі ўсе. Важны фактар — ураджайнасць культур.  У гэтым годзе яна вельмі парадавала, — працягвае Сяргей Абразоўскі. —  Мы, хлебаробы, збіралі па сутнасці  толькі “вяршкі”. Варта адзначыць усіх, хто  рыхтаваў глебу, сеяў, уносіў удабрэнні, перавозіў зерне: напярэдадні ўборкі на палях быў праведзены цэлы комплекс работ.

Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *