Браніслаў Зубкоўскі пакінуў добры след на нашай зямлі.

Браніслаў Зубкоўскі, Аляксандр Ісачанка, Міхаіл Карнейчык, Іван Габец, Мікалай Чыбісаў.

Браніслаў Зубкоўскі, Аляксандр Ісачанка, Міхаіл Карнейчык, Іван Габец, Мікалай Чыбісаў.

Заўсёды ад сустрэч з ім сэрца перапаўняла радасць. Дзе б, і у якім месцы яны не адбываліся: у Мар’інай Горцы, у Мінску ці ў Зорцы. Пасля кожнай набягалі ўспа-міны пра незабыўныя і напружаныя дні маіх першых крокаў на педагагічнай ніве ў Зоркаўскай васьмігадовай школе на Пухавіччыне. Я, выпускнік Дукорскай сярэдняй школы, па прыездзе сюды здружыўся з многімі людзьмі. Адзін з іх — 

Паспрабаваў я ажыццявіць сваю запаветную мару — паступіць на факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. З першага разу не атрымалася.

А хутка ў працоўнай кніжцы з’явіўся запіс, што я прыняты на работу настаўнікам фізікі і фізкультуры Зоркаўскай школы. З дырэктарам Зубкоўскім усталяваліся добрыя адносіны. Спрыялі гэтаму сталасць вопыту кіраўніка школы і мая энергія маладосці.

Праз год змог ажыццявіць сваю мару. Стаў студэнтам. І на пэўны час нашы шляхі-дарогі разышліся. А затым, ужо маючы жыццёвы вопыт, пры магчымасці прыяз-джаў у Мар’іну Горку, іншы раз наведваўся і ў Зорку, дзе жыў і плённа працаваў Браніслаў Аляксандравіч. Здаралася, што мы бачыліся і ў Мінску на журналісцкіх або пісьменніцкіх нарадах.

І на юбілеі Зоркаўскай школы, хаця і працаваў у ёй я ўсяго год, мы былі разам.

Ужо праз гады ён, адгукнуўшыся ў друку цёплай рэцэнзіяй на выхад у свет першай кнігі “Сярод добрых людзей”, даў высокую ацэнку маёй творчай працы. Успамінаў і сумесную работу ў Зорцы.

І да выхаду ў свет маёй другой кнігі “Скарбонка мудрасці” ён не застаўся без-уважным. Адзначаў, што твор — аб чалавечай годнасці і любові да Радзімы.

Нашы чалавечыя зносіны заўсёды былі жаданымі. А збліжала нас любоў да педагагічнай працы, журналісцкай і літаратурнай творчасці, да зямной прыгажосці.

Мілай і любай была яму Пухавіччына. Тут, у Мар’інай Горцы, у сям’і рабочага 15 сакавіка 1938 года ён нарадзіўся. Вучыўся ў СШ № 1. За плячыма яго — філалагічнае аддзяленне Магілёўскага педагагічнага інстытута і настаўніцкая праца ў школах Палесся, на роднай Пухавіччыне – у Светлаборскай, Блужскай. Добры след пакінуў і ў газеце “Сцяг Працы”,  займаючыся журналісцкай работай.

І мае творчыя крылы мацнелі тут, на роднай Пухавіччыне. Незабыўнымі засталіся моманты, калі яшчэ школьнікам наведваўся ў рэдакцыю “раёнкі”. І сёння як рэліквію зберагаю кнігу “В редакцию не вернулся”, падораную мне як лепшаму няштатнаму аўтару больш за пяцьдзясят гадоў таму.

З тагачаснай кагорты газетчыкаў у памяці засталіся імёны Андрэя Пісакова, Ігара Жулегі, Васіля Бурага, Аляксандра Ісачанкі, Аляксандра Грышана. Тут заўсёды прыязна сустракалі Мікалай Аленчык, Анатоль Ярохін і іншыя.

А характарыстыку, падпісаную рэдактарам Аляксандрам Ісачанкам пасля маёй студэнцкай практыкі, захоўваю і цяпер. У ёй сказана, што я быў залічаны ў штат пухавіцкай раённай газеты 1 ліпеня 1970 года літаратурным супрацоўнікам. Працаваў на пасадзе плённа, творча і ўдумліва. Вызначаўся патрабавальнасцю да сябе. З сур’ёзнасцю адносіўся як да сваіх, так і апрацоўваемых матэрыялаў …

Не забыліся сустрэчы з пісьменнікамі Макарам Паслядовічам,  Валянцінам Мысліўцом, паэтам Захарам Біралам, кампазітарам Ігарам Лучанком, заслужаным настаўнікам БССР Віктарам Арловым, які, працуючы ў СШ № 3, вёў актыўную краязнаўчую работу.

З Браніславам Зубкоўскім і Анатолем Ярохіным нашы шляхі-дарогі перасякаліся ў адной і той жа жыццёвай прасторы.

Зрэдку бачыліся, абменьваліся думкамі аб развіцці нацыянальнага літаратурнага працэсу. Дзяліліся планамі. Нярэдка тэлефанавалі адзін аднаму. Здараліся і кароткія сустрэчы. А кнігу “Людзі з сэрцам Данка” Анатоль Паўлавіч перадаў мне, зрабіўшы дарованы надпіс “Аляксандру Аляксандравічу — сябру і калегу —  шчыра і сардэчна”. Дзеля такой нагоды 30 лістапада 1989 года ён прыязджаў у Маладзечна, дзе я тады ўжо пяты год узначальваў рэдакцыю аб’яднанай газеты.

Больш цесныя адносіны звязвалі Анатоля Ярохіна і Браніслава Зубкоўскага. Вельмі цёпла ўспамінаў Браніслаў Аляксандравіч пра сябра, хто, па яго прызнанні, больш за ўсё выступаў у жанрах ваеннай дакументалістыкі і біяграфічнай літаратуры.

У сааўтарстве імі напісаны дзве кнігі пра ўраджэнца Пухавіччыны, воіна-афганца, Героя Савецкага Саюза Мікалая Чэпіка. Браніслаў Зубкоўскі — адзін з аўтараў краязнаўчай кнігі “Блонь”. Шчыраваў на літаратурнай ніве. Уведамляў: літаратура патрыятычнага і краязнаўчага характару патрэбна нашчадкам.

Нарысы, літаратурна-крытычныя артыкулы, рэцэнзіі і публікацыі іншых жанраў даволі часта з’яўляліся на старонках часопісаў “Полымя”, “Нёман”, “Беларусь”, “Беларуская думка”, газет “Звязда”, “Настаўніцкая газета”, “Мінская праўда”, “Пухавіцкія навіны”, штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва” і іншых выданняў. А напісанае ім прыхільна сустракалі чытачы з усіх куткоў Беларусі.

Знайшоўшы сябе на шырокай прасторы мастацкага слова, Браніслаў Аляксандравіч сур’ёзна зарэкамендаваў сябе як добры знаўца, сур’ёзны даследчык беларускай, асабліва дзіцячай, літаратуры, як публіцыст.

Творца з Пухавіччыны аднолькава грунтоўна і захапляльна пісаў як для дзяцей, так і для дарослых. Яго творчасць адзначалася як мастацкай, жыццёвай чуйнасцю, душэўнай шчырасцю, так і высокім майстэрствам.

У літаратурна-мастацкім зборніку “Міншчына літаратурная” прадстаўлена творчасць членаў Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, у складзе якога быў і Браніслаў Аляксандравіч Зубкоўскі, чалавек творчага інтэлекту і духоўнасці.

Пры нашых размовах у рэдакцыі газеты “Пухавіцкія навіны”, калі з’яўлялася нагода тут сустрэцца, ён горача расказваў пра слынных людзей Пухавіччыны. Закранаў і тэму знаходжання тут Якуба Коласа, які з сям’ёю прыязджаў летаваць у раён.

Я радаваўся разам з ім, калі на кніжных паліцах з’явілася яго кніга апавяданняў для дзяцей “Чаму Загібелька лепш Парыжа?”

Яна — вынік напружанай працы, сустрэч са знаёмцамі Якуба Коласа. Колькі мясцін давялося абысці, колькі зрабіць запісаў, каб, апрацаваўшы іх, займець цікавую кнігу, адзначаную  літаратурнай прэміяй Мінскага аблвыканкама.

Дзякуючы шматлікім вандроўкам, размовам з тымі, з кім сустракаўся, пісьменнік змог раскрыць рысы характару Песняра. Да апошняга дыхання і сам заставаўся сапраўдным сынам сваёй зямлі. Чытаючы старонку за старонкай яго кнігі, з цікавасцю праходзіш любімымі сцежкамі і дарожкамі Якуба Коласа на Пухавіччыне.

А ён, беларускі пісьменнік Браніслаў Зубкоўскі, хто ўмеў пісаць добразычліва і цёпла, звяртаючы ўвагу на мясцовы фальклор, знаходзячы ёмкія, каларытныя, сакавітыя словы, пастаянна адчуваў высокую адказнасць за тое, да чаго прычыняўся, што рабіў.

Услаўляў родныя мясціны, нашу Бацькаўшчыну. Аж да спачыну свайго быў адданы людзям Пухавіччыны, свайму народу.

Педагагічны, літаратурны крыж пранёс прыстойна. Пакінуў добры след на нашай зямлі-матухне. І мы, удзячныя вучні, заўсёды добрым словам будзем успамінаць Браніслава Аляксандравіча Зубкоўскага — настаўніка, журналіста, літаратурнага творцу, шчырага чалавека-земляка…

Аляксандр ХАЗЯНІН,

пісьменнік, журналіст.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *