Вера Маркіянаўна Саўлевіч прымала віншаванні ў 90-ы дзень нараджэння.

1 (копия)

 

У мінулую сераду ў хаце Веры Маркіянаўны Саўлевіч  з вёскі Падбярэжжа Пухавіцкага сельсавета сабралася шмат гасцей. Нагода значная — 90-годдзе. Падарункі і віншаванні юбілярка прымала на працягу ўсяго дня. Святочны настрой, шчырыя ўсмешкі і бадзёрасць, з якімі гаспадыня вітала гасцей, адводзілі ўсе думкі пра яе сталы ўзрост на другі план.

Мы завіталі да Веры Маркіянаўны разам  з бухгалтарам раённага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Вольгай Бажэлка і намеснікам   дырэктара  па  ідэалагічнай рабоце, старшынёй  прафкама ААТ “Племянны завод  “Індустрыя”   Надзеяй Салоха. Яны павіншавалі Веру Саўлевіч ад імя сваіх арганізацый і ўручылі жанчыне кветкі і падарункі. 

Лёс у Веры Маркіянаўны быў няпростым: у ім была Вялікая Айчынная вайна. Пра ўсе цяжкасці і гора, якія прынеслі людзям 1941-1945 гады, жанчына ведае   не  па  чутках. Успамінаць былое не вельмі любіць, аднак гэтую частку  жыцця  немагчыма  выкрасліць з памяці.

— Калі пачалася вайна, наша сям’я жыла ў вёсцы Балачанка. Аднойчы да нас прыйшлі тры салдаты і прасілі, каб іх схавалі. Тата згадзіўся, а праз два тыдні вайскоўцы  папрасілі, каб іх адвялі  ў лес, — успамінае Вера  Саўлевіч.  —   Як  высветлілася пазней, гэта былі камандзіры партызанскіх атрадаў.  Такім чынам мы пачалі з імі ўзаемадзейнічаць. Я была сувязной.  Маці ўплятала мне ў косы  запіскі ад партызан і абкручвала іх блакітнымі стужкамі. Прыходзілася хадзіць пешшу з Балачанкі ў Пухавічы. Неаднаразова сустракала немцаў, было страшна. Яны ўважліва правяралі  мяне і гразіліся скінуць у раку, калі што-небудзь знойдуць.

Ворагі так і не разгадалі сакрэт пра тое, што дзяўчына хавала запіскі ў сваіх косах. Аднак бяда, як кажуць, прыйшла з іншага боку: паліцай расказаў пра магчымыя сувязі з партызанамі, і  немцы арыштавалі ўсю сям’ю. Турма, допыты, пакаранне — праз усё гэта давялося прайсці Веры Саўлевіч,  аднак смелая дзяўчына так нічога і не сказала.

Сям’ю адпусцілі, але праз некаторы час яны зноў трапілі ў рукі ворагаў.  Веру Маркіянаўну адправілі ў Германію працаваць на завод па вытворчасці  дынаміту. Там таксама давялося перажыць нямала гора. Праз год вязняў вызвалілі амерыканскія салдаты.

Мірнае жыццё юбіляркі неразрыўна звязана з сельскай гаспадаркай. 30 гадоў яна  працавала ў мясцовай сельгасарганізацыі  аператарам машыннага даення. Пасля выхаду на пенсію  яшчэ  10 гадоў была загадчыцай  фермы ў Падбярэжжы. Працавала старанна: за гэты час ні разу не была ў адпачынку. Даіць кароў трэба было рукамі, аднак сваю справу яна шчыра любіла. Дзеці і ўнукі таксама часта дапамагалі ў гаспадарчых клопатах.

У Веры Саўлевіч трое дзяцей, пяць унукаў і восем праўнукаў.  Яны  з   цікавасцю і  гонарам любяць разглядаць яе медалі, якія ёй уручылі за розныя заслугі. А таксама дружная сям’я любіць збірацца разам і слухаць гісторыі з жыцця  роднага ім чалавека, каб захаваць іх у памяці для наступнага пакалення.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *