Геройскі ўчынак сяржанта міліцыі

IMG_6639Для сяржанта міліцыі Аляксея Філімончыка падзяка ад начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў  за выратаванне дзіцяці стала нейкім чынам нечаканасцю: Аляксей быў упэўнены, што пра здарэнне на Пцічы, пасля якога мінуў амаль цэлы месяц, ніхто нічога не ведае

15 чэрвеня (у адзін з дзён свайго чарговага адпачынку) Аляксей стаяў на мосце праз Пціч. Дзень быў не спякотны, купацца ніхто відавочна не збіраўся, таму хлапчук, які спускаўся да  ракі,  прыцягнуў увагу Аляксея. У руках у хлапчука была пластыкавая бутэлька, у якую ён, верагодна, хацеў набраць вады.

У нейкі момант дзіця не ўтрымалася і пачало саслізгваць па бетонных плітах у раку.

— Пад вадой бетонныя пліты яшчэ больш слізкія, — расказвае Аляксей, успамінаючы падзеі таго чэрвеньскага дня. — Таму хлапчук не змог утрымацца і ўпаў у ваду. Глыбіня аказалася большай, чым хацелася б. Хлопчык відавочна не спраўляўся з сітуацыяй.

Думаць часу не было, таму Аляксей кінуўся ў раку. Падхапіў хлапчука і падштурхнуў яго да берага.

— Вось, уласна, і ўсё,  — сціпла завяршае  расказ Аляксей. — Нічога гераічнага я не зрабіў…

Менавіта па прычыне гэтай самай сціпласці, напэўна, да гэтага часу не адбылося ніякай сур’ёзнай размовы пра  здарэнне ні з самім выратаваным хлопцам, ні, тым больш, з чужымі людзьмі.  Аляксей упэўнены, што зрабіў так, як гэта зрабіў бы любы іншы чалавек.

Складана абвергнуць ці, наадварот, пацвердзіць гэтыя словы. Але мне, як маці, цалкам відавочна, што малады чалавек —  герой. Калі б не ён, не вядома, чым бы скончылася гэтая гісторыя.  Веру, што  дванаццацігадовы Рома з пасёлка Праўдзінскі  (ён, здаецца, пакуль яшчэ не ўсвядоміў, што ўсё ж адбылося на рэчцы) калісьці ўспомніць аб сваім выратавальніку з усвядомленай удзячнасцю.

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *