Дубраўская школа адзначыла юбілей

надя 026 (копия) 2

Настаўнікі Дубраўскай сярэдняй школы

Што з’яўляецца важкай нагодай для таго, каб успомніць самыя значныя падзеі ў жыцці чалавека, сям’і, асобнай арганізацыі і нават ўсёй краіны? Канешне, юбілей!  І гэта адна з самых прыемных прычын, каб  запрасіць  у госці блізкіх людзей і добрых сяброў.  Менавіта з такой нагоды  нядаўна сабраліся ў Дубраўскай сярэдняй школе былыя і сённяшнія настаўнікі, вучні і выпускнікі, добрыя сябры школы.  Навучальная ўстанова адзначыла свой 25-гадовы юбілей.

Свае дзверы школа адкрыла ў верасні 1991 года.  Чырвоную стужку падчас урачыстай цырымоніі  перарэзалі першы дырэктар Віктар Федзячкін і былы старшыня сельскага Савета Святлана Лазарчык.   У новай школе за парты села 262 вучні, у класы прыйшлі працаваць 32 педагогі.  І пачалося школьнае жыцце, насычанае  тымі асаблівымі падзеямі, што могуць быць толькі ў дзяцінстве.

Асноўным накірункам работы школы стала краязнаўства. Пачынаючы з 1992 года ў навучальнай установе праводзіцца краязнаўчы тыдзень “Бабульчын куфэрак”.  З 2003 года пачаўся збор экспанатаў для школьнага музея, які адкрыўся праз два гады.

За 25 гадоў выпускнікамі школы сталі 298 чалавек.  З іх — 13 медалістаў: 4 чалавекі  скончылі  навучальную ўстанову з залатым медалём, 9 — з сярэбраным.  36 выпускнікоў выбралі прафесію педагога, чацвёра з іх працуюць  у роднай школе. 

Аб самых значных падзеях з гісторыі навучальнай установы ўдзельнікам свята  напомнілі матэрыялы выставы “Школьны альманах”, якую падрыхтавалі  цяперашнія гаспадары школы.  Сённяшнія навучэнцы таксама арганізавалі экспазіцыю сваіх творчых работ, а  настаўнікі — метадычных распрацовак.

—  Зараз Дубраўскую сярэднюю школу наведвае 106 вучняў з вёсак Дубраўка, Сінча, Омельна, Кляцішына, Новы Уборак,  — расказала дырэктар Валянціна Андрэеева. —  У навучальнай установе працуе 23 настаўнікі і 18 тэхнічных работнікаў.  Калектыў аб’яднаны агульнай мэтай — зрабіць усё, каб дзецям у школе было цікава і ўтульна. І з гэтай задачай калектыў паспяхова спраўляецца. Па выніках работы за  2016 год школа стала пераможцай раённага спаборніцтва ў намінацыі “Лепшая ўстанова агульнай сярэдняй  адукацыі, размешчаная ў сельскай мясцовасці”. 

надя 217 (копия)

Госці свята

У апошні час школа набывае новы воблік: абнаўляюцца класы, калідоры, набываецца новая мэбля. За апошнія два гады гаспадарчым спосабам былі адрамантаваны два вучэбныя класы, кабінет дыфектолага, два калідоры. На гэта было вы-дзелена больш  за 40 тысяч рублёў (400 мільёнаў рублёў да дэнамінацыі). У бліжэйшых планах адрамантаваць санвузлы,  сталовую і актавую залу. 

У школы ёсць добрыя сябры, якія штогод аказваюць ёй дапамогу.  Гэта ААТ “Пухавіцкі доследна-эксперыментальны завод”, ЗАТ “Пухавічыаграпрадукт”,  ТП ТАА “Пухавічыгандаль”, ТАА “Родительские окна”, ААТ “Пухавічынафтапрадукт”, ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс”.  Дзякуючы іх падтрымцы школа вырашае многія праблемы. Напрыклад, у гэтым месяцы ў Санкт-Пецярбурзе  пройдзе IV Усерасійская навукова-інавацыйная канферэнцыя школьнікаў “Адкрый у сабе вучонага”,  у якой прыме ўдзел вучаніца школы Таццяна Гаўрыленка (кіраўнік работы Надзея Калевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры). На просьбу падтрымаць удзель-ніцу матэрыяльна, адгукнулася  СТАА “Марозпрадукт”.

І па сённяшні дзень школа захоўвае краязнаўства як асноўны накірунак сваёй дзейнасці. З 1 верасня гэтага навучальнага года вучні і настаўнікі  далучыліся да праектнай дзейнасці па краязнаўстве.  Тэма праекта, над якім пачалася праца, — “Асаблівасці мясцовай культуры і захаванне гістарычнай спадчыны”.  У рамках праекта плануецца папоўніць  школьны музей новымі экспанатамі, запісамі ўспамінаў жыхароў навакольных вёсак  аб гісторыі края.

 — Упэўнена, што гэта цікавая работа прынясе шмат карысці. Трэба  любіць родныя мясціны,  ведаць іх гісторыю, — падкрэсліла Валянціна Андрэеева.

Дарэчы, свой уклад у рэалізацыю праекта ўжо ўнёс і дэпутат Дубраўскага сельскага Савета Леанід Філановіч. Падчас свята ён перадаў у дар  школьнаму музею рэдкія кнігі, у якіх  апублікаваны фотаздымкі, звязаныя з гісторыяй Дубраўкі і навакольных вёсак. 

надя 244 (копия)

У школьным музеі

Як гэта заўсёды і бывае,  гучала шмат віншавальных слоў і добрых пажаданняў  у адрас калектыву навучальнай установы. Старшыня Дубраўскага сельвыканкама Алена Сыцэвіч пажадала, каб як мага болей маладых сем’яў заставаліся ў Дубраўцы. Будзе моладзь — будуць дзеткі,  будуць дзеткі — будзе жыць і школа, якая, на думку кіраўніка мясцовай адміністрацыі, з’яўляецца цэнтрам культуры і адукацыі на тэрыторыі сельсавета. Няхай гэтыя пажаданні збудуцца.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *