Заўтра ў Мар’інай Горцы адбудзецца фестываль «Напеў зямлі маёй»

image description

Фестываль народнай творчасці Мінскай вобласці “Напеў зямлі маёй” — адна  з  самых  адметных падзей у культурным  жыцці Міншчыны. “Напеў зямлі маёй” цікавы ў прафесійным плане як для кіраўнікоў творчых калектываў, так і для артыстаў-аматараў. Асноўная яго ідэя — раскрыць багацце, разнастайнасць і хараство жанраў у самабытнай рэгіянальнай афарбоўцы.

Па традыцыі вялікая ўвага надаецца фестывалю Мінскім аблвыканкамам. Як і заўсёды, пераможцаў у кожным жанры чакаюць каштоўныя прызы.  Гран-пры фестывалю — мікрааўтобус — будзе ўручаны аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райгарвыканкама, на базе якога дзейнічае калектыў-пераможца.

Зберагаецца   добрая  традыцыя  запрашаць  на адкрыццё калектывы, якія былі  лаўрэатамі і ўладальнікамі Гран-пры фестывалю ў папярэднія гады. У гэты раз у  іх  ліку  на  сцэну выйдзе  і  ўзорны  дзіцячы  харэаграфічны калектыў “Імпульс” Свіслацкай школы мастацтваў, які ў сваёй намінацыі стаў лаўрэатам  другой ступені ў мінулым годзе.

— Да гэтай падзеі калектыў рыхтаваўся не менш сур’ёзна, чым у мінулым годзе да ўдзелу ў конкурсе, — расказала дырэктар школы  мастацтваў  Наталля     Цыбульская. — Пастаноўкай танца, з якім   “Імпульс” выйдзе на сцэну, займаліся  не   толькі  кіраўнікі   ансамбля, але і балетмайстры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Такім чынам, у рэпертуары калектыву з’явіцца яшчэ адзін фестывальны нумар.

Ёсць  у  гэтым  годзе і  новаўвядзенні. Згодна з палажэннем, раён на фестывалі можа прадстаўляць толькі адзін калектыў. Але  зараз у дакумент ўнесена важнае ўдакладненне: прадугледжана магчымасць далучыць да ўдзелу ў фестывалі некалькі калектываў розных жанраў для сумеснага пастановачнага нумара  ў  якасці  суправаджэння (інструментальная, харэаграфічная, вакальная, цыркавая групы, тэатр мініяцюр).

— Вопыт паказвае, што сумесная пастаноўка нумару дапамагае больш  глыбока  адлюстраваць  яго ідэю, — патлумачыла дырэктар Мінскага  абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса  Вайцяхоўская.  — І ў гледачоў ёсць магчымасць убачыць больш відовішчныя пастаноўкі, кранаючыя і запамінальныя.

Фестываль —  гэта жывы арганізм. Ён пастаянна мяняецца, становіцца больш сучасным, зберагаючы лепшыя традыцыі.

Наталля ВАСІЛЬЕВА.

Праграма фестывалю:

11.00. Творчая  імпрэза  “І  музыка  адвечная   гучыць” з удзелам заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь «Крупіцкія музыкі».

12.00-15.00. Урачыстае адкрыццё фестывалю. Конкурсная праграма “З крыніц жыватворных”.

15.00-17.00.   Канцэртная   праграма  калектываў — уладальнікаў  Гран-пры  і  лаўрэатаў мінулых  фестываляў.

17.00. Узнагароджанне калектываў-удзельнікаў. Урачыстае закрыццё фестывалю.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *