Каласавіны прайшлі на Пухавіччыне

Стала добрай традыцыяй кожны год у лістападзе адзначаць у нашым раёне Каласавіны.  Прысвячаецца гэтае мерапрыемства  дню  нараджэння Якуба Коласа,  жыццё якога цесна звязана з Пухавіччынай. Ён лічыў нашу зямлю другой сваёй радзімай. І жыхары раёна ганарацца тым, што народны пясняр не аднойчы ўспамінаў  пухавіцкі край у сваіх творах. Адзначыць дзень нараджэння Коласа разам з аматарамі беларускай літаратуры прыехалі сын песняра Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч разам са сваёй дачкой  Марыяй, пісьменнік Генрых Далідовіч.

dscn7680Першае мерапрыемства Каласавін прайшло ў раённым цэнтры культуры. На сустрэчу прыйшлі работнікі бібліятэк і вучні школ раёна. Супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі падрыхтавалі  мультымедыйную прэзентацыю  аб сувязі Коласа з Пухавіччынай. Цікавую прэзентацыю прывезла з сабой і Марыя Міхайлаўна. Яна расказала аб беларускай бібліятэцы і музеі імя Францыска Скарыны ў Лондане, дзе захоўваецца нямала дакументаў, што сведчаць аб жыцці і творчасці Коласа. Сярод іх лісты песняра, яго рукапісы, замежныя выданні твораў Коласа.

Генрых Далідовіч падчас свайго выступлення падкрэсліў, што беларуская зямля дала сусветнай літаратуры двух Міцкевічаў: Адама і  Канстанціна (Якуба Коласа). У кожнага з іх ёсць твор, які можна назваць  энцыклапедыяй беларускага жыцця для свайго часу і са-слоўя:  “Пан Тадэвуш” — у Адама Міцкевіча і “Новая зямля” — у Якуба Коласа.  Каб напісаць такія магутныя творы, трэба  атрымліваць вельмі вялікія ўражанні ад жыцця. У Коласа яны былі. Напрыклад, не ўсе памятаюць, што знакамітыя радкі “Мой родны кут, як ты мне мілы…”  песняр напісаў знаходзячыся ў турме. А з гэтага пачалася “Новая зямля”…

Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч

Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч

Як заўсёды, удзельнікі мерапрыемства с захапленнем слухалі выступленне Міхася Канстанцінавіча. І ў свае 90 гадоў  ён  выдатны расказчык. Тым больш, што пры кожнай   сустрэчы з ім усплываюць усё новыя і новыя факты з жыцця песняра. Напрыклад, усім добра вядома, што Колас любіў збіраць грыбы, дакладней, баравікі. Для яго гэты занятак быў не проста захапленнем, але і часткай работы: падчас сваіх вандровак па лесе паэт абдумваў новыя творы. У гэты раз Міхась Канстанцінавіч расказаў пра “грыбныя рэкорды” песняра і яго сям’і. Ён паведаміў, што неяк Колас сабраў больш за 700 баравікоў. Аднойчы яны пайшлі за грыбамі ўсёй сям’ёй, і разам сабралі 539 баравікоў. Пра сябе Міхась Канстанцінавіч расказаў, што асабіста яму больш за 250 баравікоў знайсці не ўдавалася. А вось рыбалкай Колас не вельмі захапляўся: за вуду ён упершыню ўзяўся, калі адпачываў у Тальцы.

Ганна Гурская — пераможца віктарыны

Ганна Гурская — пераможца віктарыны

Па традыцыі, напярэдадні Каласавін раённы краязнаўчы музей праводзіць сярод  школьнікаў  віктарыну, прысвечаную сувязі Коласа з  Пухавіччынай. На сустрэчы  падвялі яе вынікі. У ліку пераможцаў былі  названы   Ганна  Гурская з Пярэжыра, Дар’я Папельская з Зазер’я, Юлія Долгіна з Шацка і іншыя. Усе яны ад раённага музея ў якасці падарунка атрымалі кнігу  “Памяць”  і  буклеты  з  інфармацыяй аб любімых мясцінах Коласа на Пухавіччыне. А ад гасцей — аўтографы на памяць.

У той жа дзень яшчэ адна такая сустрэча  прайшла ў Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы.

Наталля ПАРХОМЧЫК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *