На рахунку – тысяча заараных гектараў

Ігар Каранец

Ігар Каранец

Механізатары Ігар Каранец і Павел Бакіноўскі з ААТ “Племянны завод “Індустрыя” – лепшыя аратыя раёна. Іх экіпаж узараў пад азімую сяўбу 1096 гектараў. Яны працавалі ў дзве змены – днём і ноччу – каб хутка і якасна справіцца з палявымі работамі.

-Самых лепшых пахвальных слоў заслугоўваюць нашыя механізатары, — гаворыць пра перадавікоў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Сяргей Алесік. – Ігар Аляксандравіч і Павел Аляксандравіч – вопытныя аратыя. Яны шмат гадоў працуюць на зямлі, мы былі ўпэўнены, што яны справяцца з няпростай задачай. Мелкія паломкі тэхнікі земляробы самастойна ліквідавалі на полі, сур’ёзных замінак у працы не было. Іх тандэм выдатна праявіў сябе з лепшага боку.

За высокія дасягненні ў працы Ігар Каранец і Павел Бакіноўскі распараджэннем старшыні  раённага выканаўчана камітэта Сяргея Ленкаўца адзначаны грашовымі прэміямі ў 300 рублёў. Навіна для механізатараў нечаканая і вельмі прыемная. Аднак не дзеля асабістых узнагарод шчыруюць яны на зямлі – дзеля агульнага добрага выніку і высокага ўраджаю.

Пра адпачынак Ігар Каранец і Павел Бакіноўскі пакуль могуць толькі марыць: гэтымі днямі механізатары задзейнічаны на ўзняцці зябліва. Яны гэтак жа працуюць на адным трактары ў дзве змены. З Ігарам Каранцом мы сустрэліся на мехдвары раніцай.

Паўла Бакіноўскага павіншаваць асабіста не атрымалася: ён адпачываў дома пасля начной змены. Ігар Аляксандравіч  паабяцаў хутка паведаміць добрую навіну свайму напарніку.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *