Пасля капітальнага рамонту адкрыў свае дзверы «Світанак».

IMG_6295 (копия)Каля 500 школьнікаў з гэтага дня зноў пачнуць праводзіць свой пазашкольны час у будынку цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Світанак», які напярэдадні Калядаў пасля капітальнага рамонту адкрыў свае дзверы.

Адкрыцця «Світанка», безумоўна, чакалі і дарослыя, і дзеці. Але пры гэтым яны ні на дзень не спынялі працу, праводзячы заняткі ў памяшканнях устаноў адукацыі горада. Выступаючы на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця абноўленага будынка цэнтра, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Казак адзначыла, што пад кіраўніцтвам педагогаў дзеці змаглі заваяваць за гэты час на розных конкурсах 27 дыпломаў рэспубліканскага ўзроўню, 1 — міжнароднага. Гэта сведчыць аб тым, што юныя пухавіччане таленавітыя, працавітыя і гатовы да новых перамог. Сімвалічна, адзначыла Галіна Казак, што сваё другое наваселле «Світанак» адзначае ў дні рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці»: хлапчукі і дзяўчынкі атрымалі ад будаўнікоў МПМК-14 сапраўдны навагодні падарунак.

Падзякаваў будаўнікам і старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ленкавец. Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, пухавіцкія будаўнікі змаглі закончыць капітальны рамонт будынка за вельмі кароткі тэрмін: прайшло менш за паўгода з моманту, калі аднавіліся работы на гэтым аб’екце. Сяргей Дзмітрыевіч таксама выказаў надзею, што ў гэты дом творчасці прыйдзе шмат новых дзяцей, якія знойдуць у ім усё для рэалізацыі сваіх інтарэсаў і талентаў. Зараз тут для гэтага створаны самыя камфортныя ўмовы.

Ва ўрачыстай абстаноўцы генеральны дырэктар ЗАТ «Пухавіцкі аграпрадукт» Іван Гумоўскі перадаў сімвалічны ключ ад будынка «Світанка» дырэктару цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Вользе Корань. А Сяргей Ленкавец і Галіна Казак перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку. Так пачаўся новы перыяд жыцця “Світанка”.

Госці змаглі пабываць на невялікай экскурсіі па цэнтры, пазнаёміцца з педкалектывам і дзецьмі, якія ўжо прыйшлі на заняткі. З наваселлем, пухавіччане!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *