Паштальён — жаданы госць.
Больш за шаснаццаць кіламетраў штодзень пераадольвае Вольга Рэмізевіч дзеля таго, каб жыхары вёсак Наваполле, Грабень і Бахаравічы атрымалі свежыя газеты і часопісы. Паштальён — жаданы госць у кожнай хаце. І не толькі таму, што прыносіць карэспандэнцыю і пенсіі. Для большасці вяскоўцаў — сталых адзінокіх людзей, гэта яшчэ і субяседнік, які раскажа ўсе апошнія навіны.
— Да людзей трэба ісці з добрым настроем, — падкрэслівае Вольга Аляксандраўна. — Гэтага прынцыпу я заўсёды кіруюся ў сваёй працы. Часу на доўгія размовы няма, бо трэба наведаць дзясяткі адрасоў.
Паштальёнам Вольга Рэмізевіч працуе толькі другі год. Дагэтуль 28 гадоў жанчына была началь-нікам аддзялення паштовай сувязі “Наваполле”. Жыццё з паштовай справай Вольга Аляксандраўна звязала мэтанакіравана: у свой час скончыла спецыялізаванае вучылішча ў Мінску. Пасля праходзіла практыку ў Вузлянах і Азярычыне. Паштовае аддзяленне ў Наваполлі стала пастаянным месцам працы.
— Працоўны дзень у мяне і яшчэ аднаго паштальёна, Ірыны Матусевіч, пачынаецца з сарціроўкі пісьмаў і газет, пасля ідзём да людзей. Зімой пераадольваць шлях складаней, у астатні перыяд выручае веласіпед, — працягвае Вольга Рэмізевіч. — На маім участку жыве шмат актыўных і цікаўных людзей. Яны выпісваюць і рэспубліканскія газеты, і раённую.
На працягу 17 гадоў па такім раскладзе працавала цяперашні начальнік аддзялення паштовай сувязі “Наваполле” Людміла Варапай.
З гэтай прафесіяй Людміла Уладзіміраўна была знаёмая з дзяцінства, бо дапамагала маці-паштальёну разносіць газеты і паштоўкі.
— З цеплынёй успамінаю гады, калі разносіла пошту, — расказвае Людміла Уладзіміраўна. — Першы час на пасадзе начальніка аддзялення было вельмі складана. Я шчыра ўдзячна Вользе Рэмізевіч за дапамогу.
Аддзяленне паштовай сувязі — гэта не толькі цэнтр аказання спецыялізаваных паслуг, але і міні-крама. Тут можна набыць самыя розныя тавары. На пошту ў любы час варта зайсці і дзеля таго, каб аформіць падпіску на любімыя выданні.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.