Па-гаспадарску і з душою

Марыя Церашковіч памятае той час, калі ў вёсцы Вугалец пражывала некалькі соцень чалавек, працаваў сельскі клуб, пошта і магазін. Але шмат чаго цяпер змянілася, і на сённяшні дзень тут пастаянна пражывае каля 40 чалавек (астатніядачнікі). Усе жыхары добра ведаюць адзін аднаго, сябруюць і жывуць адной вялікая сямёй: разам вырашаюць пытанні, якія ўзнікаюць, разам праводзяць вольны час. З павагай  адносяцца да  Марыі Мікалаеўныстарэйшыны вёскі. Пра свае справы яна гаворыць вельмі сціпла: адмахваецца, маўляў, нічога такога не раблю. Але старшыня Турынскага сельскага выканаўчага камітэта Святлана Харытончык лічыць інакш. Па яе словах, Марыя Мікалаеўна аказвае вялікую дапамогу мясцовай уладзе, бо заўсёды ведае, што хвалюе аднавяскоўцаў.

IMG_7861У Вугалец Марыя Церашковіч пераехала з Кастрамской вобласці Расіі ў 1963 годзе разам з мужам. Працавала адразу паляводам у калгасе “Сцяг камунізму”, затым шмат гадоў даяркай на Вугалецкай ферме, а пасля стала яе загадчыцай.

— Няпроста было працаваць: раней жа кароў даілі рукамі. Прыходзілася рана ўставаць, каб пайсці на дойку. Бывала, і ў тры гадзіны  выходзіла з дому. А пасля ранішняй дойкі трэба было  дагледзець і сваю гаспадарку, бо трымалі  і  свіней,  і карову, — успамінае  Марыя  Мікалаеўна.

Цяпер гаспадарка ў яе невялікая: некалькі курэй, сабака ды кошкі, але і за імі трэба прыглядаць. У летнія месяцы хатніх спраў  значна больш: шмат працы на агародзе, дзе жанчына вырошчвае бульбу, агуркі, памідоры. Летнімі днямі Марыя Мікалаеўна  любіць хадзіць у грыбы і ягады.Спраўляцца з хатнімі справамі ёй дапамагаюць дзеці, унукі і праўнукі, якія прыязджаюць  ў госці амаль кожныя выхадныя. Ім вельмі падабаецца гасціць ў бабулі.

Марыя Церашковіч з’яўляецца старэйшынай вёскі Вугалец ужо амаль 10 гадоў. Мае ганаровую грамату ад Пухавіцкага райвыканкама  за  значны  ўклад у сацыяльна-эканамічнае  развіццё  раёна. Марыя  Мікалаеўна  цесна ўзаемадзейнічае са старшынёй  Турынскага  сельскага  выканаўчага  камітэта  Святланай  Харытончык. Заўсёды, калі гэта трэба,  прыходзіць ёй на дапамогу  і словам, і справай. У любы момант можа адказаць на любое пытанне  Святланы  Станіславаўны, таму што добра ведае ўсіх  мясцовых  жыхароў і пастаянна падтрымлівае з імі сувязь.

— У халоднае надвор’е часцей за ўсё мы тэлефануем адзін аднаму. У першую чаргу я заўсёды цікаўлюся пра здароўе, бо ў нашым узросце гэта самае галоўнае.

Мясцовыя жыхары звяртаюцца да старэйшыны вёскі з рознымі пытаннямі: цікавяцца, як патэлефанаваць у тую ці іншую арганізацыю, удакладняюць расклад руху аўтобусаў.

Восенню і вясною Марыя Мікалаеўна сочыць за тым, каб на прыдамавых тэрыторыях  жыхароў  быў  наведзены парадак. Неглядзячы на тое, што ў вёсцы Вугалец сёння пражывае нямнога жыхароў, жыць тут, па словах старэйшыны, вельмі камфортна. Два разы на тыдзень (у панядзелак і чацвер)  у вёску прыязджае аўталаўка, у якой мясцовыя жыхары купляюць усе  неабходныя тавары. Свежыя газеты, пенсію дастаўляе  паштальён. У летні  перыяд вёска ажывае: на канікулы прыязджаюць  дзеці, на  дачы  з’язджаюцца дачнікі.

— Я люблю сваю вёсачку, бо ў нас жывуць добрыя людзі. Прыязджайце да нас летам, у нас вельмі добра: свежае паветра, прыгожая прырода, з аднаго боку — лес, з другога — рэчка. Заўсёды знойдзецца, чым заняцца, — гасцінна  запрашала  Марыя  Мікалаеўна.

Святлана  ЛАБКОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *