Працоўны дзень механізатара пачынаецца з шасці гадзін раніцы

Людзі кажуць, што бясконца доўга можна глядзець на неба, мора і агонь. Думаю, некаторыя згодзяцца — яшчэ і на сельскагаспадарчыя машыны, якія працуюць на палях.  Відовішча, асабліва для гарадскога чалавека, захапляючае. Літаральна не адводзячы погляд хацелася назіраць з моста каля вёскі Дукора за магутным трактарам  “Беларус”, які размерана рухаўся па велізарным лузе ў пойме ракі Свіслач, пакідаючы за сабой шырокія пракосы.

DSCN3839Землі гэтыя належаць прыватнаму сельскагаспадарчаму прадпрыемству “Дукора-агра”. На лузе на сваім “Беларусе” касіў траву механізатар гэтай гаспадаркі Андрэй Сачак.  Трактар ён  называў сваім — атрымаў яго тры гады назад. Кажа: “Як ты да тэхнікі, так і яна да цябе, калі беражліва да яе адносіцца, тады і яна не падвядзе”. На касавіцы траў “Беларус-3522” Андрэя  не падводзіць. Як і агрэгат  КМР-9. Абрэвіятура гэта расшыфроўваецца як “касілка модульная ратацыённая”, а лічба “9” азначае, што пракос за сабой агрэгат пакідае шырынёй аж дзевяць метраў.

Пракосы  сапраўды шырокія і акуратныя.   Гэта і сведчанне майстэрства механізатара.

Андрэй Сачак

механізатар Андрэй Сачак

Андрэй Сачак на лугах, што ў пойме ракі, убірае траву ўжо трэці год. Расказаў, што калі  ўпершыню прыйшлося тут працаваць, такія роўныя пракосы не атрымоўваліся, шмат дзе стаяла вада. З кожным годам луг  становіцца  сушэйшы. У гэтым сезоне рабоце тэхнікі нішто не перашкаджае.

Луг, на якім працаваў Андрэй,  — гектараў дваццаць. І гэта не ўсё, што яму трэба было зрабіць за дзень. Зранку ён ужо скасіў 15 гектараў травы, і сваёй чаргі чакала яшчэ прыкладна такая ж плошча. Вось так  — пяцьдзесят гектараў за  працоўны дзень, які зараз доўжыцца з шасці гадзін раніцы да васьмі вечара з абедам прама на полі.  Андрэй Мікалаевіч лічыць, што зараз самы час працаваць, адпачыць яшчэ паспее. Тым больш, што травы, якія ён касіў у пойме ракі, на яго думку, вельмі добрыя. Толькі трэба, каб па-спрыяла надвор’е добра іх высушыць і атрымаць якаснае лугавое сена.

Наталля   ПАРХОМЧЫК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *