Сёння — Дзень работнікаў сацыяльнай абароны

IMG_1948Раіса Сацура, сацыяльны работнік Навасёлкаўскай брыгады і  лепшы сацыяльны работнік мінулага года, да  прыходу  ў  тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва шмат гадоў працавала на ферме. Праца была, як прызнаецца Раіса Уладзіміраўна,  вельмі нялёгкая. Па гэтай прычыне восем гадоў таму і адважылася змяніць месца работы.

Аднак працу ў сацыяльнай сферы наўрад ці можна назваць больш лёгкай, бо падапечныя Раісы Уладзіміраўны — сельскія жыхары. А, значыць, сацыяльны работнік павінен і вады нанасіць, і печку прапаліць, і ў агародзе дапамагчы нешта зрабіць. Не кажучы ўжо пра паўсядзённыя хатнія клопаты, якія старым ужо не па сілах.

— Усе жыхары Ліпска і  Пцічанскага, якія знахо-дзяцца ў мяне на сацыяльным  абслугоўванні, ужо  адзначылі сваё васьмідзесяцігоддзе, —  расказвае Раіса Сацура. — Таму дапамога сацыяльнага работніка ім проста неабходная. Яны чакаюць мяне заўсёды, а не толькі ў вызначаныя гадзіны наведванняў. І я добра разумею, што немагчыма абмежаваць рамкамі працоўнага часу рашэнне ўсіх надзённых праблем. Таму пастаянна — і днём, і ноччу, і ў будні, і ў святочныя дні — знаходжуся на сувязі са сваімі дзядулямі і бабулямі. Вельмі шкадую іх, з разуменнем стаўлюся да некаторых іх капрызаў. І адчуваю ўдзячнасць за цярпенне і разуменне.

З дзецьмі сваіх падапечных у Раісы Уладзіміраўны таксама ўсталяваліся сяброўскія адносіны. Дзеці, якія не ў стане заўсёды знаходзіцца побач са сваімі бацькамі, высока цэняць дапамогу сацыяльнага работніка. Тым больш, такога, які падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў не фармальна, а з любоўю.

Алена  ШАНТЫКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *