У гаспадарках раёна працягваецца нарыхтоўка кармоў.

 

У актыўных гаспадарчых клопатах цяпер праходзяць працоўныя дні земляробаў. Разам з уборкай азімага рапсу на зерне працягваецца нарыхтоўка кармоў. Касілкі, кормаўборачныя камбайны і граблі па-ранейшаму працуюць на палях: падаспелі травы другога ўкосу.

У сельгасфіліяле “Дрычын”  на касавіцы задзейнічаны вопытны механізатар Аляксей Шрэйдар. Гэты сезон для яго адзінаццаты. Механізатар косіць травы, якія, здаецца,  яшчэ нядаўна сеяў.  За дзень Аляксей Адольфавіч скошвае каля 40 гектараў. Такі паказчык — вынік руплівай працы з ранку да вечара.

Механізатар Аляксей Шрэйдар.

Механізатар Аляксей Шрэйдар.

— Працаваць у такім рытме за столькі гадоў прывык, — расказвае Аляксей Адольфавіч. — Травы выраслі нядрэнныя. Пажаданні ў нас, земляробаў, нязменныя: каб тэхніка не падводзіла, а надвор’е спрыяла.

Да другога ўкосу канюшыны дрычынскія земляробы прыступілі на гэтым тыдні. Услед за касілкай на поле выязджае трактар з граблямі, каб правяліць траву. Крыху пазней на палетках з’явяцца кормаўборачныя камбайны і тэхніка для адвозкі зялёнай масы.

Адначасова  з  гэтымі работамі ў сельгасфіліяле ідзе касьба аднагадовых траў на корм жывёле.

— Другі ўкос канюшыны, дзякуючы нядаўнім дажджлівым дням, таксама дае нядрэнную ўра-джайнасць, — адзначае галоўны аграном Галіна Сіпач. — Зараз у нас напружаная пара, бо трэба і рапс убіраць, і кармы нарыхтоўваць. Стараемся  паспяваць. Мы пачалі закладваць чарговую сянажную траншэю на 1500 тон на малочнатаварным комплексе “Новае Сяло”. З траў першага ўкосу маем пяць сянажных траншэй.

Першым укосам гаспадарцы трэба было скасіць 743 гектары. З планам не толькі справіліся, але і перавыканалі на 16 працэнтаў. Другім укосам плануюць скасіць 409 гектараў. На раніцу пятніцы план быў выкананы на 41 працэнт.

У  гаспадарцы ўжо ёсць 5984 тоны сенажу  і 124 тоны сена.  Таксама ў сельгасфіліяле ёсць запас кармоў, які застаўся з мінулага года.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *