У гонар Лесі Украінкі.
Ужо стала добрай традыцыяй адзначаць ў нашым раёне даты, звязаныя з жыццём і дзейнасцю вядомай украінскай паэткі, грамадскага дзеяча Лесі Украінкі (1871-1913). Некалі каханне да Сяргея Мяржынскага і жаданне выратаваць яго ад смяротнай хваробы прывялі яе ў Мінск. Там Леся пасябравала з Варварай Бонч—Асмалоўскай. Ёсць звесткі, што ўкраінская паэтка наведвала маёнтак Бонч—Асмалоўскіх у Блоні. Так з’явіўся пухавіцкі след у яе біяграфіі. Пра гэта памятаюць і ўкраінцы. Ужо на працягу некалькіх гадоў у Мар’іну Горку наведваюцца прадстаўнікі дыпламатычнай міссіі, літаратары, мастакі з братняй краіны, каб разам з пухаўчанамі яшчэ раз паразмаўляць аб творчасці Лесі Украінкі і аб тым, які след яна пакінула ў сусветнай культуры. У гэтым годзе дэлегацыю ўзначальваў Надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім.
Гэта была рабочая паездка пасла, у межах якой глава дыпламатычнай міссіі Украіны сустрэўся са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Сяргеем Ленкаўцом. Пакуль праходзіла сустрэча, іншыя прадстаўнікі дэлегацыі наведалі мастацкую галерэю раённага краязнаўчага музея, дзе была арганізавана выстава, прысвечаная Лесі Украінцы.
Затым госці адправіліся ў раённы краязнаўчы музей у Блоні, дырэктар якога Аляксандр Прановіч пазнаёміў іх з экспазіцыяй. Цікавілі гасцей не толькі факты, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Лесі Украінкі. Яны папрасілі патлумачыць, адкуль пайшла назва нашага горада. Ігар Юр’евіч прызнаўся, што чуў пра Мар’іну Горку і раней. У маладосці ён служыў у арміі каля горада Барысава. І на агульных вучэннях на палігонах сустракаўся з тымі, хто праходзіў службу ў Мар’інай Горцы. І вось праз шмат гадоў давялося пабываць у мясцінах, якія ведаў па расказах іншых.
Паразмаўлялі і пра вышыванкі: пра тое, што ёсць агульнага і чым адрозніваюцца беларускія і ўкраінскія нацыянальныя арнаменты.
Затым у раённым цэнтры культуры адбылася літаратурная вечарына, прысвечаная Лесі Украінцы. З прывітальным словам да яе ўдзельнікаў звярнуўся Ігар Кізім. Ён звярнуў увагу на тое, што мова ўкраінцаў і беларусаў вельмі падобная. Агульная ў нас і гісторыя. І для нашых народаў важна падтрымліваць і культурныя, і эканамічныя стасункі.
Падчас вечарыны прагучалі вершы ўкраінскай і беларускай паэткі Іны Снарскай, якая таксама прадставіла гасцям дакументальны фільм “Сцежкамі Лесі Украінкі”, за які была ўзнагароджана ва Украіне прэміяй імя Алены Пчылкі. Старшыня Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Беларускім саюзе пісьменнікаў Наталка Бабіна распавяла пра ўкраінска-беларускія літаратурныя сувязі, пра выданне заснаванага ў 2014 годзе ўкраінска-беларускага альманаха «Справа».
Са зваротным словам выступілі акцёры народнага тэатра раённага цэнтра культуры. Яны прачыталі вершы беларускіх паэтаў, якія займаліся перакладамі твораў украінскіх аўтараў на беларускую мову.
Наталля ПАРХОМЧЫК.