У мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея працуе выстава Ядвігі Сянько.

DSCN3507 (копия)1111111У мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея адкрылася выстава работ мастачкі з  Маладзечна  Ядвігі  Сянько. Яе творчасць  амаль  поўнасцю  звязана з  хрысціянскай  тэматыкай. Па благаславенні мітрапаліта Філарэта, які зараз носіць  тытул ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, мастачка  піша спісы з вядомых у праваслаўным свеце абразоў. У калекцыі яе работ ёсць і спісы з  каталіцкіх ікон, і карціны на  біблейскія сюжэты.

Свае работы Ядвіга Сянько  пачала выстаўляць з 2003 года. У Мар’інай Горцы адкрылася 186-я яе персанальная выстава.  Яна не першая на Пухавіччыне. Свае працы Ядвіга Іванаўна ўжо выстаўляла і ў мастацкай галерэі, і ў музеі сядзібна-паркавага турыстычнага комплексу «Дукорскі маёнтак».

На адкрыццё выставы прыйшлі работнікі культуры, члены ветэранскай арганізацыі горада. Прысутнічалі на мерапрыемстве благачынны Пухавіцкай царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Цалкоў і матушка Ірына.

Айцец Аляксандр нагадаў, што літаральна напярэдадні  ў  Мар’інай  Горцы   прайшлі   ўрачыстасці,   прысвечаныя цудатворнаму Мар’інагорскаму абразу Божай Маці. Гэты абраз займае пачэснае месца ў шэрагу беларускіх святынь. У Беларусі нямала абразоў Багародзіцы, якія асабліва шануюць людзі. Гэта і Жыровіцкая ікона Божай Маці, і Мінская. Іх спісы можна ўбачыць і на выставе.

Айцец Аляксандр нагадаў, што абраз у жыцці хрысціян займае асаблівае месца. Гэта вакно ў неба. І не кожнаму дадзены дар пісаць іконы.

Айцец Аляксандр падкрэсліў, што ў розных людзей дарога да храма складваецца па-рознаму. Магчыма, для кагосьці яна пачнецца з выставы, дзе можна пазнаёміцца з чароўным светам абразоў, пастаяць каля іх  і паразважаць. Добра, калі потым будуць першыя, самыя простыя словы малітвы. Цяперашнія часы тым і цікавыя, што сыходзіць у мінулае масавае нявер’е, адраджаюцца храмы, і ўсё больш людзей прыходзіць да Бога. Пра гэта падчас адкрыцця выставы казаў дырэктар раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч. Быў перыяд, калі на тэрыторыі раёна  заставалася толькі адна дзеючая царква. Цяпер у Мар’інай Горцы ёсць і праваслаўны храм, і каталіцкі. Храмы ўзводзяцца па ўсёй нашай краіне.

Ядвіга Іванаўна расказала, што  напісаныя ёю спісы ікон ёсць у многіх храмах Беларусі — і праваслаўных, і каталіцкіх. Пабачыць іх можна, напрыклад, у цэрквах Гомеля і ў касцёле Святых Сымона і Алены ў Мінску.

Ёсць яе працы і ў прыватных калекцыях у Расіі, Арменіі, Польшчы, Германіі, Італіі, Францыі і іншых краін.

Выстава ікон Ядвігі Сянько будзе працаваць у мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея на працягу двух месяцаў.

Наталля   ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *