У мінулую нядзелю на плошчы каля цэнтра культуры прайшоў фестываль “Траецкі фэст”.

Ансамбль народнай песні "Крынічанька" Рудзенскага Дома культуры.

Ансамбль народнай песні «Крынічанька» Рудзенскага Дома культуры.

Народныя матывы і гучныя спевы  музычных калектываў  запрашалі ўсіх жыхароў і гасцей горада ў мінулую нядзелю далучыцца да свята беларускай культуры. На плошчы каля цэнтра культуры ладзілі традыцыйны раённы фестываль “Траецкі фэст”.

Фестывальныя матывы разляталіся па ўсім горадзе. Разам з імі гледачоў прываблівалі кірмаш,  на якім прадстаўлялі свае вырабы лепшыя майстры Пухавіччыны, дзіцячая гульнёвая пляцоўка і атракцыёны.

 “Траецкі  фэст”    аб’яднаў   творчыя   калектывы з усяго раёна. Ансамбль народнай песні “Рэчанька” Голацкага СДК — пастаянны ўдзельнік свята.

— Нам заўсёды прыемна браць удзел у “Траецкім фэсце”. Сёлетні фестываль для нас адметны: мы ўпершыню выступаем на раённай сцэне  з новым  мастацкім кіраўніком Віктарам Кунцэвічам, — расказала   салістка  ансамбля  і  дырэктар Голацкага СДК Алена Сачак. — Падрыхтавалі новую праграму. Нядаўна ў нас склаўся новы   квартэт, які  таксама парадуе гледачоў.

Мастацкі кіраўнік ансабля народнай песні Мілавіца" Дубраўскага СДК Васіль Мукавозчык.

Мастацкі кіраўнік ансабля народнай песні Мілавіца» Дубраўскага СДК Васіль Мукавозчык.

Калектывы Светлаборскага СДК таксама пастаянна выступаюць  на “Траецкім фэсце”. Сёлета святочную праграму фестываля ўпрыгожылі жаночая вакальная група “Светлаборачка”, дзіцячая вакальная група “Вясёлка”  і салісткі групы “Асарці” Наталля Вальковіч і Таццяна Вахрамей, у рэпертуары якіх ёсць песні нават  на французскай мове.

— Штогод прыязджаем на фестываль з новай праграмай. Важная мэта  “Траецкага фэсту”  —  папулярызацыя беларускай народнай песні. Стараемся шукаць і выконваць ужо забытыя песні, які ведалі нашыя бабулі. І ў той жа час выконваем папулярныя песні ў новым гучанні, — расказала  мастацкі кіраўнік вакальнай групы “Светлаборачка” Алена Лапко.

Добра знаёмыя беларускія песні, гармонік і баян прыцягвалі ўсё больш аматараў народнай творчасці. Шчырымі апладысментамі яны сустракалі народны жаночы хор Пухавіцкага РЦК, ансамбль народнай песні “Вярбічанька” Дрычынскага СДК, ансамбль народнай песні “Крынічанька” і  вакальны  гурт   “Славяначка”  Рудзенскага  гарпасялковага  Дома  культуры.

Ансамбль народнай песні "Вярбічанка" Дрычынскага СДК.

Ансамбль народнай песні «Вярбічанка» Дрычынскага СДК.

Свята працягвалася   некалькі   гадзін.  Удзельнікі і гледачы атрымлівалі асалоду ад мерапрыемства, а члены журы  разам з тым ацэньвалі выступленні творчых калектываў. Падводзячы вынікі “Траецкага фэсту”,  дырэктар Пухавіцкага РЦК   Алена  Салагубава   падзякавала ўсім калектывам  і ўручыла дыпломы за ўдзел. 

Некаторыя калектывы вярнуліся са свята з памятнымі падарункамі і дыпломамі лаўрэатаў. Дыплом  III ступені атрымаў дзіцячы фальклорны калектыў “Зараначка” Блонскага СДК. Заслужаныя ўзнагароды быццам  “сыпаліся” на яго  ўдзельнікаў. Нядаўна “Зараначка” прымала ўдзел у  III абласным конкурсе  бытавога танца “Мінская кадрыля”, і на “Траецкім фэсце” дыпломы ўдзельнікаў таксама знайшлі сваіх уладальнікаў.

Алена Салагубава ўручае дыплом Алене Сачак.

Алена Салагубава ўручае дыплом Алене Сачак.

Дыплом II ступені  ўручылі ансамблю народнай песні “Сцяжынка”  Свіслацкага гарпасялковага Дома  культуры. Пераможцам “Траецкага фэсту” стаў ансамбль народнай песні “Мілавіца” Дубраўскага СДК.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *