У раёне завяршылася ўборачная кампанія
У лідарах — пяць камбайнераў, якія намалацілі больш за дзве тысячы тон зерня.
Першымі двухтысячную мяжу пераадолелі вопытныя камбайнеры ААТ “Голацк” Аляксандр Расолька і Віктар Гардзіенка, якія працавалі на “Лексіёнах-570”. Услед за імі другую тысячу тон намалаціў Мікалай Тарасевіч з памочнікам Сяргеем Стулянковым. Яны ўбіралі хлеб на палях гэтай жа гаспадаркі. Выдатных вынікаў дасягнулі таксама перадавікі з ПСУП “Дукора-агра” — Мікалай Крукоўскі разам з памочнікам сынам Андрэем і экіпаж Сяргея Абразоўскага і Сяргея Буляткіна.Сярод вадзіцеляў на жніве першым у раёне дзве тысячы тон зерня перавёз Міхаіл Навіцкі з ААТ “Зазерка”. Праз некаторы час гэтую мяжу дасягнулі таксама Сяргей Ажаронак і Анатоль Шабан з ААТ “Голацк”.
Камбайнеры і вадзіцелі прымаюць заслужаныя віншаванні за такія высокія вынікі працы. Падчас завяршэння ўборачнай кампаніі павіншаваць і падзякаваць перадавікам прыехалі старшыня Пухавіцкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Людміла Гулякевіч і старшыня Пухавіцкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Людміла Арэхоўская. Людміла Фёдараўна ўручыла падарунак Анатолю Шабану, а старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК падрыхтавала каштоўныя падарункі астатнім перадавікам.
Дарэчы, у сярэдзіне тыдня спіс двухтысячнікаў раёна дапоўніў вадзіцель СХФ “Дрычын” ААТ “Мінскі малочны завод №1” Уладзімір Варона.