У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі «Світанак» адкрываюць таленты

Вакалісты Марыя Коўцік, Ірына Шухава, Вольга Глусценка з педагогам Аленай Казак.

Новы навучальны год для школьнікаў, якія наведваюць цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Світанак», пачаўся ў тых установах адукацыі нашага раёна, дзе на час рамонту будынка цэнтра выдзяляліся памяшканні для заняткаў гуртковай дзейнасцю. Дзеці займаліся ў гарадскіх і сельскіх школах, у ДТСААФ (секцыя юных матацыклістаў). Але ў пачатку года будаўнікі завяршылі маштабныя работы па рэканструкцыі цэнтра «Світанак» і падарылі юным пухавіччанам практычна новы будынак.

Гэтага наваселля мы чакалі некалькі гадоў, — расказвае дырэктар цэнтра Вольга Корань. — І былі рады таму, што зноў можна вярнуцца туды, дзе мы будзем побач. Безумоўна, нейкія гурткі  і студыі застануцца працаваць пры школах па меркаваннях неабходнасці, запатрабаванасці і лагічнасці. Напрыклад, ганчарную справу дзеці могуць асвойваць у Мар’інагорскай гімназіі, дзе ёсць ганчарная печ. Але практычна адразу  ў новы будынак пераехала 22 групы (247 школьнікаў). А ўсяго ў пазашкольны час па інтарэсах у “Світанку” займаецца 1471 чалавек.

Вельмі важным Вольга Аляксандраўна лічыць тое, што ў цэнтры цяпер працуе 11 суботніх груп. У тым ліку адукацыйны цэнтр «Бяспека» ад раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Таксама ў шосты дзень тыдня школьнікі з розных устаноў адукацыі ўжо маюць магчымасць наведваць прэзентацыі гурткоў і аб’яднанняў цэнтра і выбіраць для сябе заняткі па душы: «Світанку» ёсць куды расці, хаця ўжо сёння  25 працэнтаў дзяцей ахоплены гуртковай дзейнасцю.

У бліжэйшы час педагогі цэнтра плануюць арганізоўваць майстар-класы і для калег-настаўнікаў.

— Зараз мы прапануем нашым дзецям 117 розных гурткоў, — гаворыць Вольга Корань. — Рэалізаваць свае схільнасці і інтарэсы можна ў розных накірунках. Асноўныя звязаны з дэкаратыўна-прыкладной творчасцю.  Дзіцячыя работы традыцыйна  высока ацэньваюцца на розных конкурсах. У мінулым годзе выхаванцы цэнтра атрымалі 28 дыпломаў рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў і 42 узнагароды прывезлі з абласных. Новы год — новы адлік перамог. Дыпломы рэспубліканскіх конкурсаў атрымалі Таццяна Маслоўская (педагог Людміла Размысловіч), Данііл Дзёмух і Ксенія Крэнцік (педагог Ларыса Гняўчынская). Дыпламантамі першага рэспубліканскага конкурсу-фестывалю выканаўцаў эстраднай песні ў гэтым годзе сталі вучаніцы Іны Лойка Карына Яцэвіч і Ксенія Русіновіч. Прызёрамі шашачных баталій станавіліся і вучні шахматна-шашачнага клуба “Дэбют”, дзе дзяцей трэніруе Максім Падвінскі. У пераможнай скарбонцы цэнтра стала і на 9 абласных узнагарод больш.

Студыі “Фантазія”, “Мар’інка” і “Кераміка і ганчарства” пастаянна і паспяхова ўдзельнічаюць у даследчым конкурсе “Спрадвечнае заўтра”. Ёсць вельмі цікавыя дзіцячыя праекты і работы. Спецыялісты-харэографы Ганна Костачка і Святлана Журок працуюць у цэнтры з усімі школьнікамі, хто жадае навучыцца прыгожа танчыць. Цікавыя заняткі, арыгінальныя танцы  — гэта тое, што прыцягвае і дзяўчынак, і хлопчыкаў. Касцюмы да нумароў, дарэчы, шыюць сваімі рукамі.

Вялікую цікавасць выклікае ў рабят камп’ютарны гурток. З рознымі ўзроставымі катэгорыямі ў  ім працуе Аляксандр Глінскі. У перспектыве хацелася б, каб з’явілася магчымасць выкладаць запатрабаваны  камп’ютарны дызайн, праграмаванне.

Пакуль у “Світанку” недастаткова магчымасцяў для развіцця тэхнічнага напрамку ў гуртковай дзейнасці.

Але працаваць у гэтым накірунку, разумеюць у цэнтры, трэба, таму што гэта важна і цікава найперш хлопчыкам (знайсці занятак для дзяўчынак значна лягчэй).

Актуальным сёння з’яўляецца прадастаўленне платных паслуг. Пазабюджэтная дзейнасць дазваляе ўстанове адукацыі зарабляць грошы і выкарыстоўваць гэтыя сродкі для развіцця. У “Світанку” сёння працуе чатыры  платных гуртка: англійская мова для дашкалят, гурток “Вяселы пэндзлік”, “Звонкі голас” і харэаграфічны гурток.

— Мы шчыра жадаем, каб дзеці прыходзілі да нас і займаліся любімай справай, — кажа Вольга Аляксандраўна. — Цяпер гэта можна зрабіць ва ўтульных прыгожых памяшканнях. Менавіта іх доўга не хапала нашым таленавітым педагогам, якія зацікаўлены ў тым, каб адкрываць юныя таленты.

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *