Фестывальнае жыццё Міншчыны насычана рознымі падзеямі.
З года ў год праводзіцца нямала мерапрыемстваў, дзе творчыя калектывы, народныя майстры маюць магчымасць прадставіць свае дасягненні.
У Дзяржынску ў красавіку ў чацвёрты раз адбыўся абласны конкурс эстраднай песні “Вясеннія рытмы” — адзін з самых яркіх музычных праектаў Міншчыны, які накіраваны на папулярызацыю эстраднага мастацтва, выхаванне мастацкага густу і далучэнне маладога пакалення да лепшых узораў сучаснай эстрады. У конкурсе прынялі ўдзел пераможцы раённых конкурсаў эстраднай песні — выканаўцы ва ўзросце ад 7 да 30 гадоў па пяці ўзроставых катэгорыях. Дыплом II-й ступені атрымала наша зямлячка Ганна Драчан.
У Любанскім раёне ў маі праходзіў абласны фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак”, які аб’яднаў дзіцячыя і маладзёжныя тэатры Міншчыны, гасцявыя калектывы з Мінска, Гродна, Харкава — усяго 16 калектываў. Лаўрэатам І-й ступені сталі ўдзельнікі фестывалю з Мар’інай Горкі — узорны музычны тэатр “Залаты ключык” мар’інагорскай сярэдняй школы №2, які зрабіў маляўнічую і яскравую пастаноўку па творы Шарафа Рашыдава “Наргіс”.
У Барысаве ў маі прайшоў абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Фальклорная талака”, які аб’яднаў 28 калектываў (каля 400 удзельнікаў) з розных куточкаў Міншчыны. Тэму фестывалю задалі вясновыя святы і абрады народнага календара. Са сцэнічных пляцовак гучалі загукальныя, юр’еўскія, вялікодныя, траецкія напевы.
VI абласны фестываль гульні і гумару “Капыльскія пацехі” ў чэрвені сабраў таленавітых, натхнёных людзей, якія не згубілі пачуццё гумару і ўмеюць не толькі добра працаваць, але і ад душы весяліцца. На капыльскую зямлю ўдзельнікі вясёлага свята з’ехаліся з 15 рэгіёнаў Міншчыны.
VII абласное свята-конкурс па ткацтве “Матчыны кросны” праходзіла ў жніўні ў Старых Дарогах. Чакалі яго тры гады. Сёлета яно адбылося ўжо ў сёмы раз і сабрала больш за сто майстроў-удзельнікаў, а таксама іх вучняў — годных нашчадкаў ткацкай спадчыны. Галоўная мэта мерапрыемства — захаванне і адраджэнне традыцый народнага ткацтва. На свяце-конкурсе была прадстаўлена разнастайная палітра традыцыйных і сучасных вырабаў, якія дэманструюць стан мастацкага ткацтва на Міншчыне.
Абласное свята традыцыйных народных мастацкіх рамёстваў “Слуцкія паясы” адбылося 22–23 верасня. У ім прымалі ўдзел каля 400 майстроў-умельцаў з розных куточкаў Беларусі, якія працуюць у 20 накірунках народнай творчасці. У межах гэтага мерапрыемства праводзілася свята-конкурс “Беларуская лялька”, на якім Алена Атрошкіна з Дружнага атрымала дыплом ІІ-й ступені.
Фестывальны каляндар Міншчыны на гэтым не заканчваецца. Наперадзе яшчэ цэлы шэраг цікавых мерапрыемстваў абласнога ўзроўню.
Падрыхтавала Наталля Пархомчык.