Вызначыліся лідары па намалотах!

 

 

Жніво  ў  раёне  перасягнула  свой  экватар.   Да фінішнай прамой набліжаюцца аграрыі КСУП «Аграсімвал», «Турынскае». Самую вялікую ўраджайнасць — амаль 42 цэнтнеры збожжа з гектара — атрымліваюць  у  КСУП «Голацк».

У лідарах па намалотах таксама і КСУП «Агра-Абярэг». У гаспадарцы  вызначыліся свае перадавікі: камбайнер Уладзімір Асіпук на КЗС-1624 ужо намалаціў 1044 тоны збожжа. З гэтым працоўным поспехам  прама на полі яго павіншаваў старшыня Пухавіцкага райвыканкама Віктар Каляда. Віктар Міхайлавіч уручыў  камбайнеру-перадавіку падзяку і  пажадаў новых поспехаў на ўборцы ўраджаю.

Гэты год для працаўнікоў КСУП “Агра-Абярэг” не назавеш лёгкім. Шмат намаганняў было прыкладзена, каб вырасціць багаты ўраджай. Парадавала азімая пшаніца, якой намалочваюць па 44 цэнтнеры  з гектара, і піваварны ячмень — па 43 цэнтнеры зерня (летась ураджайнасць яго была 30 цэнтнераў). Вядома, надвор’е ўнесла свае карэктывы, але нягледзячы на гэта ў гаспадарцы дабіваюцца добрых паказчыкаў. Убіраюць хлеб 9 камбайнераў, на адвозцы задзейнічаны 8 вадзіцеляў. Усе стараюцца ўбраць без страт і як мага хутчэй.

На гэтым тыдні перасягнулі тысячную мяжу і чатыры экіпажы камбайнераў КСУП «Індустрыя-СГ».

У гэтай гаспадарцы плошча ўборкі — адна з самых вялікіх у раёне: 2535 гектараў. Зараз намалочваюць па 30 цэнтнераў збожжа з гектара. Пры добрым надвор’і ўбіраюць кожны дзень ад 3 да 5 працэнтаў ад агульнай плошчы.

Нягледзячы на засушлівы ліпень, які негатыўна адбіўся на паспяванні культур, тут задаволеныя ўраджаем азімай пшаніцы, якая дае па 46,5 цэнтнера з гектара, азімага трыцікале —  ад 33 да 36 цэнтнераў. Першыя гектары ўбіралі вільготнасцю ад 10 да 13 працэнтаў, таму дапрацоўка збожжа была мінімальнай. Ужо цалкам убраныя зернебабовыя культуры, сабрана больш за 6 тысяч тон збожжа.

На палях убіраюць і салому, якой нарыхтавалі ўжо 685 тон. Яе адразу здрабняюць там, дзе будзе весціся ў далейшым сяўба азімага рапсу. У сельгасарганізацыі прааналізавалі, што азімая культура дае ўраджай большы, чым яравая: у выпадку не спрыяльнай для раслін зімы  ёсць   магчымасць   перасеяць пацярпелыя ўчасткі вясной, таму плошчу пад азімы рапс у гаспадарцы плануюць  павялічыць  да 2 тысяч гектараў.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *