З сямейнай дынастыі

1-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%8fСёстры Таццяна Макавец і Аксана Осіпчык з тых людзей, якія, узяўшыся за пэўную справу, выконваюць яе сумленна і адказна. Яны працуюць аператарамі машыннага даення на МТФКалінаўкасельгасфіліялаДрычыні ў ліку лепшых не толькі ў роднай гаспадарцы, але і ў раёне. Заслужана маюць шматлікія ўзнагароды і падзякі.

Любоў да прафесіі сёстрам прывілі бацькі, якія ўсё жыццё працавалі на гэтай жа ферме. Маці была аператарам машыннага даення, бацька — спачатку трактарыстам, пасля — жывёлаводам.

— Мы з дзяцінства прывучаны да працы. Бацькі шмат часу праводзілі на ферме. Акрамя гэтага, дома трымалі вялікую гаспадарку,  — гаворыць Таццяна Макавец. — У сям’і было 9 дзяцей. Зразумела, што частка хатніх абавязкаў клалася на нашы плечы. Нам самім хацелася дапамагчы бацькам: мы бачылі, як ім нялёгка.

Па бацькоўскім шляху   на ферму прыйшоў і брат Таццяны і Аксаны — Аляксей Макавец. Ён — слесар, уважліва сочыць, каб даільнае і іншае абсталяванне спраўна працавала. Працуе на ферме больш за пяць  гадоў  і  мяняць работу  не збіраецца.

— Таццяну, Аксану і Аляксея я памятаю яшчэ дзецьмі. Быў час,  калі яны пасля заняткаў у  школе прыбягалі на ферму, каб дапамагчы бацькам, — гаворыць брыгадзір МТФ “Калінаўка” Вольга Пракапец. — Важна, што яны не абмяжоўваюцца толькі сваімі непасрэднымі абавязкамі. Калі  патрэбна нейкая дапамога, я смела звяртаюся да іх. І яны заўсёды адгукаюцца на любую просьбу.

Таццяна Макавец  пяты год  працуе  аператарам  машыннага  даення,  Аксана   Осіпчык — другі. Абедзве маюць вопыт работы ў будаўніцтве, але адтуль лёс прывёў іх на знаёмую з дзяцінства ферму. Напэўна, такі жыццёвы паварот зусім не выпадковы. Доказ таму — вытворчыя паказчыкі. За 11 месяцаў Таццяна  надаіла 5724 кілаграмы малака на карову (гэта плюс 847 кілаграмаў да мінулага года).  На рахунку Аксаны Осіпчык  за гэты ж перыяд  5368 кілаграмаў малака на карову (плюс 988 кілаграмаў да мінулага года). Яны яшчэ  даглядаюць і цялят. І з гэтым выдатна спраўляюцца.

— Таня і Аксана вельмі спрытныя і энергічныя. Яны ўсё паспяваюць, —  працягвае Вольга Пракапец. — Не памылюся, калі назаву іх майстрамі на ўсе рукі, бо яны ведаюць асновы ветэрынарнай справы і лёгка знойдуць падыход да кожнай жывёлы.

— У нас склаўся добры калектыў,  — гаворыць Аксана Осіпчык. — Я работы не баюся, стараюся працаваць так, каб не было сорамна за вынікі.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *