Дэпутаты прынялі ўдзел у абласных спаборніцтвах.
У Нясвіжы нядаўна прайшлі абласныя спаборніцтвы сярод дэпутатаў Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. Спартыўныя старты былі прысвечаны 80-годдзю з дня ўтварэння Мінскай вобласці.
Удзел у дэпутацкай спартакіядзе прынялі больш за 80 чалавек. Сярод самых спартыўных дэпутатаў былі і пухавіччане: у Нясвіж паехала каманда ў складзе дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў Алены Пархімчык і Уладзіміра Губарэвіча, а таксама дэпутата Свіслацкага сельскага Савета дэпутатаў Ігара Зіятдзінава (на здымку).
— Такое мерапрыемства праводзілася ўпершыню, — расказвае галоўны санітарны ўрач раёна і дэпутат Алена Пархімчык. — Галоўная яго мэта — прапаганда здаровага ладу жыцця. Дэпутаты павінны быць прыкладам для іншых людзей у тым, як актыўна і з карысцю для здароўя можна праводзіць вольны час.
Улічваючы той факт, што мужчынская частка пухавіцкай каманды — людзі спартыўныя ўжо па родзе сваёй прафесійнай дзейнасці, пухавіччане прынялі ўдзел ва ўсіх стартах: спаборнічалі ў дартсе, настольным тэнісе, боў-лінгу, більярдзе, плаванні, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, міні-футболе. Выключэннем сталі толькі спаборніцтвы па падняцці гіры: тут патрэбна спецыяльная падрыхтоўка.
Спартакіяда, адзначаюць нашы дэпутаты, прайшла цудоўна, на адным дыханні. Перамагчы, безумоўна, хацелі ўсе. Але першымі сталі прадстаўнікі раёна-гаспадара — нясвіжская каманда. Другое месца заняла каманда Салігорскага раённага Савета дэпутатаў, трэцяе — Смалявіцкага.
Пухавіччане медалёў не заваявалі, але ўсё роўна з радасцю ўспамінаюць спартыўныя выхадныя, за час якіх атрымалі не толькі спартыўныя эмоцыі, але і выдатную порцыю сяброўскіх зносін. А таксама вопыт, які можа спатрэбіцца ў новых стартах…
Алена ІВАНОВА.