Прыступілі да рамонту не ўсе.

Так зімуе тэхніка ў сельгасфіліяле "Светлая ніва".

Так зімуе тэхніка ў сельгасфіліяле «Светлая ніва».

Да важнага і адказнага перыяду вясновай пасяўной кампаніі ў сельгасарганізацыях заўсёды рыхтуюцца загадзя. Пакуль агранамічныя службы занятыя праверкай якасці насеннага матэрыялу, інжынерныя службы займаюцца пастаноўкай тэхнікі на захоўванне і яе рамонтам.

— Нядаўна ў нашым раёне працавала мабільная група на чале з начальнікам абласной інспекцыі Дзяржтэхнагляду Валерыем Злотнікам. Вынікі  маніторынгу   мабільнай групы паказалі, што многія сельгасарганізацыі былі не гатовы да зімы, — расказвае начальнік Дзяржтэхнагляду Пухавіцкага раёна Дзяніс Шырокі. — Цяпер сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Асноўная колькасць тэхнікі пастаўлена на  захоўванне,  наведзены парадак  на  мехдварах.   Выключэнне складае толькі  сельгасфіліял “Светлая ніва” ААТ “Мінскі маторны завод”.   У інжынернай службы гэтай гаспадаркі наперадзе многа работы.

Разам з пастаноўкай тэхнікі на захоўванне не менш важнае пытанне — яе рамонт. Да яго прыступілі каля 75 працэнтаў гаспадарак раёна. З мясцовага бюджэту на рамонт пасяўных   і  глебаапрацоўчых  агрэгатаў  выдзелена  амаль 61 тысяча рублёў.

— Нядаўна выйшаў загад начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама аб падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі да палявых работ 2018 года, у якім прапісаны тэрміны рамонту сельгастэхнікі. Галоўныя інжынеры гаспадарак з асноўнымі пунктамі загаду азнаёмлены, — працягвае Дзяніс Шырокі. — Самая складаная і дарагая тэхніка рамантуецца ў першую чаргу. На снежань-студзень запланаваны рамонт энерганасычаных трактароў, пасяўных   агрэгатаў  і  дыскатараў. Да  1 сакавіка — машын для ўнясення мінеральных і арганічных   угнаенняў,   апырсквальнікаў.   Глебаапрацоўчая   тэхніка  і  пратручвальнікі  насення  павінны быць  адрамантаваны   да   10   сакавіка,   кормаўборачныя  камбайны  —    да 1 красавіка,  збожжаўборачныя   камбайны  і тэхніка  для  дапрацоўкі  і  захоўвання    збожжа   —     да 1 чэрвеня.

Усе складаныя вузлы і агрэгаты, якасны рамонт якіх ва ўмовах сельскагаспадарчых арганізацый немагчымы, павінны быць пастаўлены ў рамонтныя арганізацыі да 25 снежня. Па словах начальніка Дзяржтэхнагляду раёна, пачатак рамонту пасяўных агрэгатаў у снежні дазволіць завяршыць яго ў вызначаныя тэрміны і своечасова пачаць пасяўную кампанію будучага года.

Кацярына  ЛЯСНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *