На мехдварах рыхтуюцца да вясны
Каляндарная вясна ўжо наступіла. Для земляробаў гэта адзін з напамінаў пра хуткі старт пасяўной кампаніі. Сяўба на Пухавіччыне пачнецца, як толькі дазволіць надвор’е, таму тэхніка павінна быць падрыхтавана загадзя і мець допуск да ўдзелу ў дарожным руху. Атрымаць адпаведныя адзнакі трактары, прычэпы і самаходныя сельгасмашыны павінны былі на працягу лютага. Да праходжання дзяржтэхагляду гаспадаркі аднесліся па—рознаму.
— Завяршыўся першы этап дзяржтэхагляду. Сёлета сельгасарганізацыі падрыхтаваліся да яго лепей, чым у 2017 годзе. Сярэдні працэнт прахождання з першага разу склаў 47 працэнтаў, летась — толькі 30 працэнтаў, — расказвае начальнік інспекцыі Дзяржтэхнагляду раёна Дзяніс Шырокі. — Падкрэслю, что гэта сярэдняя лічба па раёне. Хочацца адзначыць сельгасарганізацыі, у якіх працэнт праходжання дзяржтэхагляду з першага разу адзін з самых высокіх. Гэта ААТ “Голацк” — 76 працэнтаў, ПСУ “Рудзенскае” — 64 працэнта, ААТ “Зазерка” — 60 працэнтаў.
Ладзяцца справы ў інжынерных службаў іншых гаспадарак. У сельгасфіліяле “Дрычын” адзнаку аб праходжанні дзяржтэхагляду з першага разу атрымала 59 працэнтаў тэхнікі, у СУП “Дукора-Агра” — 57 працэнтаў, у ААТ “Агра-Абярэг” — 55 працэнтаў, у ААТ “Племянны завод “Індустрыя” — 50 працэнтаў. Гаспадаркі зацікаўлены як мага хутчэй завяршыць прахо-джанне тэхагляду. Напрыклад, СУП “Дукора-Агра” прайшло гэты іспыт паўторна, і на пачатак тыдня працэнт гатоўнасці тэхнікі да ўдзелу ў дарожным руху складаў 84 працэнты. Усе 23 трактары прайшлі тэхагляд, на чарзе — прычэпы.
— Ёсць сельгаспрадпрыемствы, якія значна ўскладняюць агульную сітуацыю і цягнуць уніз сярэдні працэнт праходжання дзяржтэхагляду. Гэта ААТ “Суцінскі” і сельгасфіліял “Светлая ніва”. У названых гаспадарках у назначаны дзень ні адзін трактар не быў падрыхтаваны да дзяржтэхагляду, — працягвае Дзяніс Шырокі. — У ліку адстаючых гаспадарак таксама сельгасфіліял “Чырвоны Май” і ААТ “Шацк”. Адзнакі аб праходжанні тэхагляду ў названых сельгасарганізацыях атрымалі толькі 17 і 21 працэнт тэхнікі адпаведна.
Пры першым наведванні мехдвароў прадстаўнікі раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду і супрацоўнікі ДАІ выдавалі прадпісанні, якія забараняюць эксплуатацыю тэхнікі, што не прайшла тэхагляд. На ліквідацыю выяўленых недахопаў і завяршэнне рамонту непрадстаўленай тэхнікі было адведзена дзесяць дзён. Цяпер інжынерныя службы здаюць іспыт паўторна. Да 15 сакавіка тэхагляд павінен быць цалкам завершаны.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.