Дзень паселка: сюрпрызаў хапіла на ўсіх

У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь жыхары Рудзенска адзначылі яшчэ адну вельмі важную для пасёлка дату — 145-годдзе з дня яго ўтварэння.

— Мне хацелася, каб гэтае свята стала для нас не проста чарговай нагодай успомніць нашу гісторыю, але і падставай стаць бліжэй адзін да аднаго, пачатковай кропкай для новых карысных спраў, — расказвае старшыня сельсавета Наталля Крыварукава. — Я ўдзячна ўсім, хто адгукнуўся на мае прапановы і падтрымаў  ініцыятывы.  Буду спа-дзявацца, што нешта новае прыжывецца і стане традыцыяй.

“Немалады” Рудзенск выглядаў у святочны дзень, між іншым, молада. У цэнтры пасёлка  было ажыўлена, шматлюдна, нягледзячы на дажджлівае надвор’е.  Парадавацца за сваіх землякоў, якіх адзначалі на ўрачыстым уручэнні ўзнагарод, прыйшлі калегі па працоўных калектывах, родныя і блізкія, суседзі і сябры.  Апладысментаў лепшым людзям пасёлка не шкадавалі.

— У першую чаргу мы павіншавалі нашых паважаных ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Пятра Лешчанку і  Міхаіла Пацыёру, якому ўручылі юбілейны медаль, — гаворыць Наталля Анатольеўна. — На жаль, з кожным годам усё менш побач з намі прадстаўнікоў пакалення вызваліцеляў, якія заваявалі для нас магчымасць быць незалежнымі і шчаслівымі.  Але мы памятаем кожнага свайго земляка, які аддаў жыццё ў  вайне з фашызмам.

Абавязковым і традыцыйным у юбілей становіцца ўшанаванне лепшых працаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна.  На сцэну падымаліся Валянцін Гілеўскі, Аляксандр Лагун, Валянціна Янчэўская, Людміла Юркевіч, Валянціна Прыбыш, Генадзь Дзярызямля, Надзея Хоміч.  Гэтых людзей, якія шмат гадоў працуюць на вытворчасці і ў арганізацыях сацыяльнай сферы, у Рудзенску ведае практычна кожны жыхар.  Таму ўзнагароды ім зусім не выпадковыя.

Былі ўзнагароджаны ў намінацыі «Работнік года» прадстаўнікі многіх арганізацый Рудзенска:  работнікі сельгасвытворчасці  (аператар машыннага даення Таццяна Равуцкая),    прадпрыемстваў (начальнік аддзела кадраў ААТ «Рудзенск» Святлана Апаровіч, майстар УП «Жылцепласэрвіс» КГ Ірына Матусевіч),  медыкі (медсястра Марыя Александровіч), педагогі (Юльяна Даніэль)  і работнік культуры Людміла Лухверчык.

Адзначылі на свяце найстарэйшую жыхарку пасёлка Ганну Стром, якая нарадзілася 1 студзеня 1922 года, а таксама самую маленькую дзяўчынку Паліну Бохан і маладую сям’ю Канстанціна і Алены Леўчык.

Упершыню дзякуючы падтрымцы ЗАТ «Август-Бел» сертыфікаты на 100 рублёў уручылі на свяце лепшым школьнікам.

У гэты дзень працаваў кірмаш  вакансій ад ААТ «Рудзенск», былі арганізаваны выставы, працавалі гандлёвыя кропкі.  Прыемным сюрпрызам стала выступленне воінаў-спецназаўцаў і салдацкая каша.  Настрой землякам падтрымлівалі  мясцовыя артысты.

А вечарам жыхары пасёлка з задавальненнем назіралі, як зорнае неба расквеціў святочны салют.

Алена ШАНТЫКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *