На палях ААТ “Зазерка” закладваюць аснову будучага ўраджаю і працягваюць уборку кармоў

Уборкай кукурузы займаюцца Алег Зянковіч і Іон Панфіл.

На палях ААТ “Зазерка” ўжо добра бачны зялёныя ўсходы азімых збожжавых культур. Сеяць іх пачалі 25 жніўня, у адпаведнасці з аптымальнымі агратэх-нічнымі тэрмінамі. Пад азімую пшаніцу, трыцікале і жыта адведзена 1650 гектараў.  

На сяўбе працуюць Сяргей Шчэрба і Павел Навічыхін, на падвозе зерня — Віктар Нехвядовіч і Мікіта Федаровіч. У перспектыве да сейбітаў далучыцца Аляксей Вераскоўскі, які пакуль праводзіць ворыва. Азімыя збожжавыя ўжо пасеяны на  больш чым  510 гектарах.

— На перадпасяўной падрыхтоўцы глебы і ворыве задзейнічана шмат людзей. Калі ў механізатараў перапынкі ў асноўных відах работ, яны займаюцца іншымі. Таму я і патрабую, каб тэхніка заўсёды была спраўная, — гаворыць кіраўнік сельгаспрадпрыемства Андрэй Папельскі. — Мы стараемся арганізаваць працу такім чынам, каб не было непатрэбнага чакання і перапынкаў у рабоце.

Сяўба — толькі адзін з васьмі відаў сялянскіх восеньскіх работ, як кажа прымаўка. У гэтым я ўпэўнілася, калі разам з дырэктарам  праехалася па палях.

Механізатар Сяргей Шчэрба.

Кормаўборачныя камбайны і аўтамабілі ледзь бачныя сярод высокай кукурузы. На двух КВК-800 працуюць Іон Панфіл і Сяргей Дароўскі. На адвозцы зялёнай масы задзейнічана некалькі сваіх вадзіцеляў.

— Наша першачарговая задача — забяспечыць кормам жывёлу. Пакуль кукурузу ўбіраем на сілас. Калі нарыхтуем яго ў  дастатковай колькасці, будзем убіраць злакавую расліну на зерне.  У планах намалаціць 500-600 тон зерня кукурузы, — расказвае кіраўнік гаспадаркі. — З кармамі ў нас складанасцей быць не павінна. Нарыхтавана 18500 тон сенажу. Па нашых разліках гэтага хопіць на паўтары гады.

На іншым полі заўважаю два буракаўборачныя камбайны. Гэта тэхніка аднаго з прыватных прадпрыемстваў. Загружаюць салодкія караняплоды сваімі пагрузчыкамі. Дастаўку ўраджаю ажыццяўляе тэхніка, запрошаная з ААТ “Слуцкі цукроварафінадны камбінат”.

Механізатары Мікіта Федаровіч і Канстанцін Максімчык.

— Убіраем буракі другі дзень, сёлета іх сеялі на 150 гектарах, — працягвае Андрэй Папельскі. — Ужо можна сказаць,  што прыбытак з гэтай культуры мы атрымаем. Вырошчваць цукровыя буракі плануем і на наступны год. Гліфасаты ўжо ўнеслі, цяпер вывозім на палі арганіку.  На зіму абавязкова правядзём ворыва.

Амаль уся тэхніка гаспадаркі цяпер на палях. Напружаная пара для механізатараў і вадзіцеляў працягваецца. Аднак  на стомленасць і адсутнасць выхадных ніхто не скардзіцца. “Уцягнуліся”, —  з усмешкай гавораць работнікі прадпрыемства, і пасля кароткага  перапынку дзеля фотаздымкаў  працягваюць закладваць аснову будучага ўраджаю і ўборку кармоў.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *