Дзед Мароз і Снягурка наведалі Мар’інагорскую ЦРБ

Падчас акцыі “Нашы дзеці” яе ўдзельнікі імкнуцца парадаваць у тым ліку і дзетак, якія святочныя дні вымушаны праводзіць у  бальнічных палатах. Таму зусім не дзіўна, што напярэдадні і Новага года, і Нараджэння Хрыстова ў калідорах цэнтральнай раённай бальніцы  можна пабачыць і Дзеда Мароза, і Снягурку. Так склалася, што ў адзін дзень  тут сустрэліся Дзед Мароз “у сінім” і яго калега  “ў чырвоным”.

З адной групай дзяцей і дарослых прыйшлі павіншаваць начальнік аддзела  ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі раённага выканаўчага камітэта Кацярына Касмольская, старшыня прафсаюза работнікаў аграрна-прамысловага комплексу Людміла Ленкавец  і  прадстаўнікі раённага цэнтра культуры. Яны наведалі інфекцыйнае аддзяленне ЦРБ, павіншавалі дзяцей, медыцынскіх работнікаў  з Новым годам і Нараджэннем Хрыстовым,  уручылі ім наборы цукерак, буклеты аб  нашым раёне і іншыя падарункі.

У гэты ж час педыятрычнае аддзяленне бальніцы наведала вялікая каманда з Мар’інагорскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа, у склад якой увайшлі акцябраты, валанцёры атрада «Прамень святла», педагогі. Для дзяцей, якія зараз лечацца ў аддзяленні, яны падрыхтавалі вялікую святочную праграму і падарункі, сабраныя вучнямі ўстановы адукацыі  і  іх бацькамі.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *