Марына  Граблюк —  лепшы  аператар  машыннага  даення  ААТ  “Агра-Абярэг”

Марына  Граблюк —  лепшы  аператар  машыннага  даення  ААТ  “Агра-Абярэг”. У мінулым  годзе надой на карову ў яе групе склаў 8617 кілаграмаў малака. Такой вяршыні жанчына дасягнула ўсяго за паўтара года працы на МТФ  “Грэбень”. Важна падкрэсліць, што дагэтуль у жывёлагадоўлі Марына Васільеўна ніколі не працавала.

У прафесію мяне прывяла сястра мужа Наталля Жыцько. Яна ж дзялілася са мной прафесійнымі сакрэтамі. Спачатку было страшна нават падыходзіць да жывёлы, бо, прызнаюся, ніколі не бачыла сябе аператарам машыннага даення, — расказвае субяседніца. — Паступова прывыкла. У гэтай прафесіі  недастаткова  толькі  ведання  тэхналогіі  даення.  Да  рагуль  патрэбны  асабісты падыход, праца патрабуе стараннасці і ўвагі.

Цікавы той факт, што Наталля Жыцько занесена на раённую Дошку гонару па выніках працы  за   2017  год.   Марына  Граблюк  не  падвяла  сваю  настаўніцу:  аказалася лепшай па выніках 2018 года.

— Такой навіны ніхто не чакаў. З кожным літрам малака, якія паступова перарасталі ў тоны, з’яўляўся азарт. Ён застаўся і цяпер. Хочацца надаіць яшчэ болей, бо ўсе ўмовы ў гаспадарцы для гэтага ёсць, — працягвае Марына Граблюк. — Цяпер у маёй групе 52 каровы. Буду  імкнуцца і надалей заставацца на перадавых пазіцыях.

Быць у перадавіках прадстаўнікам сям’і Граблюк не ўпершыню. У ААТ “Агра-Абярэг”, дзе працуе муж Марыны Васільеўны і яго брат, гэтую дынастыю ведаюць як працавітых  і  старанных  работнікаў.  Нямала ўзнагарод  мае і свёкар жанчыны Віктар Граблюк, які шмат гадоў працаваў механізатарам.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *