Адзначылі свята суседзяў
Музычныя нумары, танцы і сумеснае чаяванне — жыхары дома №14 па вуліцы Новая Зара адзначылі свята суседзяў.
Рыхтаваліся да свята ўсе разам: прыбіралі тэрыторыю, наводзілі парадак на кветніках і ў пад’ездах. Адпачывалі таксама ўсім дваром.
Ініцыятарам свята стала Зоя Асанава. Ідэю мерапрыемства яна прывезла з Францыі. Свята сапраўды аб’яднала ўвесь двор: самыя маленькія жыхары здзіўлялі сваімі літаратурнымі і спартыўнымі талентамі, людзі больш сталага ўзросту шчыра дзякавалі ім апладысментамі. Упрыгожыла мерапрыемства выступленне народнага хору ветэранаў вайны і працы. У рэпертуары — знакамітыя песні і рамансы, таму салістам падпявалі і гледачы.
— На такім свяце выступаем упершыню. Цікава, што людзі самі змаглі арганізаваць для сябе такое добрае мерапрыемства. Мы з радасцю адгукнуліся на прапанову прыняць у ім удзел, тым больш, многія ўдзельнікі хору жывуць у суседніх дамах, — гаворыць кіраўнік хору ветэранаў Галіна Крывашэй. — З гэтага выступлення мы сёлета пачынаем наш канцэртны сезон.
— Такі дружны дом і чалавечыя ўзаемаадносіны яшчэ трэба пашукаць. Суседзі — не проста людзі, якія жывуць побач. Яны цікавяцца праблемамі адзін аднаго, стараюцца дапамагчы. Зоя Сяргееўна арганізавала цікавае свята, якое яшчэ больш аб’яднала людзей, — падкрэсліла жыхарка дома № 26 Клаўдзія Калядзіч.
Жыхары дома спадзяюцца, што свята стане для іх двара добрай традыцыяй. Наступная такая суседская сустрэча запланавана ў кастрычніку напярэдадні Дня маці.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.