Першы восеньскі кірмаш адбыўся ў Мар’інай Горцы

Першы восеньскі кірмаш адбыўся ў Мар’інай Горцы ў мінулую суботу. Размясціліся гандлёвыя кропкі на прывакзальнай плошчы. І хоць удзельнікаў было не так шмат, як бывае ў самы разгар восеньскага сезону, набыць можна было ўсё неабходнае. Дарэчы, і пакупнікі яшчэ не спяшаліся за агароднінай. Некаторыя проста прыглядаліся, прыцэньваліся. А без гэтага на кірмашы ніяк, бо цэны тут сапраўды былі розныя.

Напрыклад, бульбу прапаноўвалі па 38, 45, 50, 60 капеек за кілаграм. На машыне ААТ “Зазерка” ад бульбы засталася толькі паперка з цаной. За паўгадзіны было прададзена паўтары тоны бульбы, бо цана на яе была самая нізкая — 28 капеек за кілаграм.
Можна было купіць на кірмашы цыбулю, капусту, моркву. Цэны на гэту агародніну складалі ад 40 да 60 капеек.
Каля машыны Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа было шмат жадаючых набыць яблыкі.
А самая доўгая чарга выстраілася за жывой рыбай, якую прывезлі з ААТ “Рыбгаз “Чырвоная Слабада”.
Вясковыя гаспадары прыцэньваліся да зерня. У продажы былі ячмень і пшаніца. Іх прадавалі па цане ад 38 да 44 капеек за кілаграм ААТ “Голацк”, “Зазерка”, “Племзавод “Індустрыя”, ПСУ “Рудзенскае”, СУП “Дукора-Агра”, эксперыментальная база “Зазер’е”.

Гаспадары з Копыльскага раёна прапаноўвалі саджанцы маліны, клубнікі, некалькі дзясяткаў відаў хрызантэм. Былі ў продажы і саджанцы яблынь, груш, персікаў з нашага раёна.

На першым восеньскім кірмашы можна было набыць усё, чым багата восень.
Не засмучайцеся, калі вы на яго не патрапілі. Кірмашы будуць праводзіцца на працягу ўсяго кастрычніка.
Вольга ЛУГАВАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *