Поспехі СГФ “Чырвоны май” дасягнуты дзякуючы працы людзей

Тэхнікі-асемянатары Яўгенія Марцінчык і Ліна Надзёжкіна.

Сёлетні сельскагаспадарчы год для калектыву СГФ “Чырвоны май” быў даволі паспяховым. І, як лічыць выконваючы абавязкі дырэктара Аляксандр Пальчык, гэта вынік настойлівай і сумленнай працы  работнікаў гаспадаркі.

У сельгасфіліяле змаглі значна абнавіць машынна-трактарны парк. Набылі трактары МТЗ-1221, МТЗ-3022, МТЗ-80, корманарыхтоўчы камбайн КВК-800, універсальны комплекс “Раса”, прычэпы для перавозкі жывёлы і саломы, здрабняльнік грубых кармоў, касу КМР-9, кармараздатчык “Гаспадар”, сеялку СПУ-6 і культыватар КГП-6.2, а таксама пагрузчык “Амкадор”. Усю тэхніку набылі з дапамогай інвестараў ААТ “Мінскі завод ігрыстых вінаў”.

Галоўны ветурач Анатоль Бабошка, Дзіяна Чуйко, Артур Герцэн, Марына Лапко, Аляксандра Дзіяк.

Галоўнай галіной, на якую тут робяць стаўку, з’яўляецца жывёлагадоўля. За апошні год у яе развіцці зроблены  крок наперад. Створана не толькі добрая кармавая база, але і значна палепшаны ўмовы ўтрымання жывёлы, захаванне ўсяго тэхналагічнага ланцужка,  пачынаючы ад до-гляду маладняку да вытворчасці малака.

У студзені было ўведзена ў эксплуатацыю памяшканне для ўтрымання буйной рагатай жывёлы на 420 галоў “Блужа-2”. Улетку на МТФ “Арэшкавічы” адрамантавалі малочны блок, замянілі дах на плошчы 2500 квадратных метраў.

Галоўны заатэхнік Таццяна Марцінчык.

Як лічыць кіраўнік гаспадаркі, сёння як ніколі важна ўмець лічыць свае грошы. Таму на малочнатаварных фермах замянілі свяцільнікі на энергазберагальныя. Толькі на даільна-малочным блоку замянілі 65 працэнтаў лямп напальвання на энерга-зберагаючыя. Шмат зроблена  па вулічным асвятленні мехдвара, дзе таксама замянілі старыя лямпы на сучасныя, больш эканамічныя. Толькі  дзякуючы гэтаму на 6 працэнтаў вырасла эканомія электраэнергіі ў параўнанні з леташнім.

Навучыліся берагчы энергію і на воданапорных вежах. На скважынах у вёсках Арэшкавічы, Блужа і Бабы ўстаноўлена аўтаматыка. І гэта дазволіла пазбегнуць пераліву вады і таксама зберагчы электраэнергію. Калі раней яе расходвалі 120 кілават у гадзіну, то зараз толькі 40.

Лабарант хімічнага аналізу Людміла Іўчанкава.

Улетку ў гаспадарцы быў выкананы вялікі аб’ём работ па ўстаноўцы відэакамер. Толькі на мехдвары іх устаноўлена 11. З’явіліся відэакамеры на МТФ “Блужа-1” і “Блужа-2”. Ужо бачны вынік:  павялічылася захаванасць прадукцыі.

Вялікую ўвагу ў сельгасфіліяле ўдзяляюць вытворчасці малака. Каб атрымаць прадукцыю, важна нарыхтаваць дастатковую колькасць якасных кармоў. Тут робяць стаўку на кукурузу. Сёлета яе было пасеяна  600 гектараў. У будучым годзе плануюць пасеяць 900. Увосень закансервавалі ў палімерны рукаў 500 тон зерня кукурузы. Гэта выдатны корм, асабліва для дойнага статку, якога ў гаспадарцы 905 галоў. Дарэчы, зімоўку ў сельгасфіліяле сустракаюць з добрым запасам кармоў. Сена нарыхтавалі 553 тоны, сенажу — больш за 10 тысяч, альбо 123 працэнты да мінулага года, і столькі ж сіласу, што больш на 128,8 працэнта. Усяго на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана па 42 цэнтнера кармавых адзінак, за аналагічны перыяд 2018 года — 34,1 цэнтнера кармавых адзінак.

Галоўны заатэхнік   Таццяна Марцін-чык працуе тут дзесяць гадоў. Яна адзначае, што сёлета ўпершыню былі такія высокія надоі ў летні перыяд. На МТФ “Блужа-2” атрымлівалі  па 21 літру малака ад каровы ў дзень. А летась — толькі па 14,8 літра. Усяго па гаспадарцы надаілі за 10 месяцаў 4779 кілаграмаў малака ад каровы (109,9 працэнта да 2018 года).

Галоўны ветурач гаспадаркі Анатоль Бабошка з гонарам адзначае, што за бягучы год не зарэгістравана ні аднаго інфекцыйнага захворвання. Праводзіцца сучасная дыягностыка і ўсе неабходныя прафілактычныя мерапрыемствы. Таму невытворчае выбыццё жывёлы зніжана на 50 працэнтаў  леташняга ўзроўню.

— Усе гэтыя поспехі дасягнуты дзякуючы працы людзей, — гаворыць кіраўнік гаспадаркі.  — Сёння я хачу адзначыць нашых лепшых аператараў машыннага даення Вольгу Гаршкалепаву, Алу Данцэвіч, Алену Прановіч, даглядчыцу маладняку Таццяну Пухаву, тэхнікаў-асемянатараў Ліну Надзёжкіну і Яўгенію Марцінчык.

Механізатар Дзмітрый Марцінчык.

У нас у сельгасфіліяле склаўся працаздольны калектыў механізатараў: Дзмітрый Марцінчык, Віталь Паскробка, Дзмітрый Прановіч і Сяргей Таранаў. Яны адказна ставяцца да справы, асвойваюць новую тэхніку і беражліва адносяцца да яе.

Мы з радасцю сустрэлі і маладое папаўненне. Сёлета прыйшлі 9 спецыялістаў: чатыры ветурачы, тры тэхнікі-механікі, аграном-аграхімік і брыгадзір паляводчай брыгады. Для іншагародніх  прадастаўлена жыллё з усімі выгодамі.

— Нашы поспехі ў жывёлагадоўлі — гэта вынік напружанай працы не толькі спецыялістаў, жывёлаводаў, — падкрэслівае Аляксандр Пальчык, — але ўсяго калектыву. Без якасных кармоў, якіх мы нарыхтавалі паўтарагадовы запас, сёння б мы не мелі такіх паказчыкаў: атрымана валавой прывагі БРЖ 241,5 тоны, гэта 117,6 працэнта да ўзроўню 2018 года. Сярэднясутачныя прывагі маладняку за 10 месяцаў складаюць 578,2 грама, што вышэй за мінулагоднія.  Прыбытак па гаспадарцы за 10 месяцаў склаў 168 тысяч рублёў.

Я мару, каб у нашай гаспадарцы склаўся харошы калектыў спецыялістаў-аднадумцаў. Такіх, як  галоўны эканаміст Ірына Федаровіч, галоўны заатэхнік Таццяна Марцінчык. Гаспадарка размешчана вельмі зручна, побач прыпынак электрычкі, таму некаторыя ездзяць на работу з Мар’інай Горкі і нават з Бабруйска і Мінска.

Праца ў сельскай гаспадарцы нялёгкая, але  хто па-сапраўднаму любіць вёску, сумленна выконвае свае абавязкі, той мае і матэрыяльны дастатак і задавальненне ад работы. Сярэдняя заработная плата за верасень у нас больш за тысячу рублёў.  Мы перайшлі на здзельную аплату працы: што зарабіў, тое і атрымаў. Гэта стымулюе людзей працаваць лепей.

Я віншую калектыў нашага сельгасфіліяла, ветэранаў працы, з нашым прафесійным святам, — кажа Аляксандр Аляксандравіч.  — Шчырая падзяка нашым інвестарам ААТ “Мінскі завод ігрыстых вінаў”, які аказвае нам матэрыяльную падтрымку. Жадаю ўсім здароўя, дабрабыту, узаемаразумення, цяпла і дастатку ў сем’ях. Спадзяюся, што разам мы зможам дасягнуць новых поспехаў, ажыццявіць усе нашы планы.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *