Чаму не трэба несці на могілкі штучныя кветкі

Наступаюць светлыя Велікодныя дні, таму ўжо сёння людзі, нягледзячы ні на што, пачынаюць па традыцыі наводзіць парадак на месцах пахаванняў сваіх родных і блізкіх. Да гэтых дзён рыхтуюцца і камунальныя службы, на балансе якіх налічваецца 6 могілак.

Вясной камунальнікі УП “Жылцепласэрвіс” КГ імкнуцца да кожных могілак падвезці пясок, вызваліць ад смецця кантэйнеры. Звычайна арганізуюцца і месцы часовага складзіравання смецця, таму што кантэйнеры могуць размяшчацца досыць далёка і не для ўсіх зручна. Пасля Вялікадня і Радаўніцы гэтыя міні-звалкі ліквідуюцца.

Але ўсё роўна час ад часу паступаюць скаргі, што на тых ці іншых могілках пануе беспарадак. Стваральнікамі ўсіх гэтых беспарадкаў з’яўляюцца самі людзі, якія не лічаць неабходным адносіць смецце ў прызначанае для гэтага месца. Гэта не цяжкая праца — гэта прыклад бескультур’я. А як інакш назваць карціну, калі прама ля шыльдачкі «Звалка смецця забаронена» ляжыць гара леташняй травы, лісця  і штучных кветак ці вянкоў? Або калі ўсё вышэйпералічанае ляжыць на праходзе? Другі раз так і хочацца заглянуць у вочы таму, хто на святым месцы, робячы святую справу, паводзіць сябе не па-чалавечы…

Большая частка смецця, якое ўтворыцца пасля вясновага навядзення парадку, — не галінкі і сухая трава, а старыя  кветкі і вянкі. Ужо праз некалькі дзён замест іх людзі прынясуць шмат новых штучных кветак. І ніхто пры гэтым не задумваецца, што, упрыгожваючы магілы быццам бяскрыўднымі  вырабамі, мы наносім непапраўную шкоду прыродзе і ўласнаму здароўю!

Эколагі не першы год спрабуюць дастукацца да людзей, тлумачаць, што адходы гэтых кветак і вянкоў вылучаюць таксічныя рэчывы, забруджваючы глебу, паветра і грунтовыя воды. Тэрмін раскладання пластыка —  ад ста да пяцьсот гадоў. Другаснай апрацоўцы ён не падлягае.

Яшчэ горш, калі  кветкі спальваюць. Пры гэтым у навакольнае асяроддзе трапляюць цяжкія металы і дыяксіны, якія негатыўна ўплываюць на здароўе людзей.

Многія сёння ведаюць гэта, але ўсё роўна ідуць да прадаўцоў, якія перад Радаўніцай толькі павялічваюць у сотні разоў асартымент тавару. «Попыт нараджае прапанову,— сказала мне адна з прадаўцоў на рынку. — Гэта новая традыцыя стала нядрэнным бізнесам. І пакуль я не бачу, што ён мяне падвядзе».

Я сама ўжо некалькі гадоў прынцыпова не падтрымліваю такі бізнес: не іду на могілкі са штучнымі кветкамі. Купляю за тыя ж грошы жывыя і запальваю свечку ў лампадцы. Думаю, што раблю правільна. Але, мяркуючы па словах прадаўца, колькасць тых, хто паступае  няправільна, застаецца пастаяннай. І гэта дрэнная тэндэнцыя.

Магчыма, хутка з’явіцца забарона на гандаль штучнымі кветкамі. Але пакуль яе няма, эколагі і камунальнікі разам заклікаюць беларусаў самім праявіць свядомасць і не несці на могілкі штучныя кветкі! Жывыя кветкі, карлікавыя хвойнікі, свечкі, стужкі з тканіны — вось тое, што можа стаць альтэрнатывай.

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *