Летняя аздараўленчая кампанія ў Пухавіцкім раёне будзе арганізавана ў адпаведнасці з супрацьэпідэміялагічнымі  патрабаваннямі

Летнія канікулы дзеці заўсёды чакаюць з асаблівым нецярпеннем, бо летагэта адпачынак, гэта бездань вольнага часу, калі можна заняцца любімымі справамі і ўжо не прачынацца па будзільніку.

Дарослыя ж разглядаюць лета як час для аздараўлення дзяцей, як магчымасць для найлепшага развіцця іх творчага патэнцыялу, удасканалення магчымасцяў, задавальнення індывідуальных інтарэсаў кожнага дзіцяці.  Рэалізаваць гэта ўсё можна ў дзіцячых аздараўленчых лагерах.

Лагер — гэта, згадзіцеся, асаблівы лад жыцця дзяцей. Гэта прыбыванне ў новым калектыве, новыя знаёмствы, час гульняў, забаў, волі ў выбары заняткаў, зняцце пасля навучальнага года назапашанага напружання. Лагер — гэта добры настрой, аднаўленне сіл і здароўя.

— Летняя аздараўленчая кампанія ў нашым раёне будзе арганізавана ў адпаведнасці з пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2004 года № 662 «Аб некаторых пытаннях арганізацыі аздараўлення дзяцей», з рашэннем Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ад 22 красавіка 2021 года № 319 «Аб арганізацыі летняга аздараўлення дзяцей ў 2021 годзе», рашэннем Пухавіцкага раённага выканаўчага камітэта № 1548 «Аб арганізацыі летняга аздараўлення дзяцей ў 2021 годзе», — расказвае Жанна Даніловіч, галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. — За перыяд летняй кампаніі ў аздараўленчых лагерах рознага тыпу адпачне 2717 дзяцей або 37,9 працэнта ад агульнай колькасці навучэнцаў.

У лагерах з дзённым  знаходжаннем  адпачне 1432 дзіцяці  (з іх 170 — спартсмены), у лагерах з кругласутачным знаходжаннем — 1367 (з іх 65 — спартсмены).

Традыцыйна адчыніць свае дзверы  стацыянарны  аздараўленчы лагер «Лясная казка», які будзе працаваць у рэжыме 4-х змен па 18 дзён кожная. Першая змена пачнецца 5 чэрвеня. У лагеры ў гэты дзень  прымуць 153 адпачываючых. Пуцёўка для бацькоў будзе каштаваць ад 116 да 126 рублёў у залежнасці ад узросту дзяцей.

У летні перыяд, акрамя аздараўленчага лагера «Лясная казка», на базе школ будуць працаваць 14 лагераў рознага профілю: гуманітарнага, турысцка-аздараўленчага, экалагічнага, духоўна-выхаваўчага, ваенна-патрыятычнага, краязнаўчага, валанцёрскага і іншыя. У чэрвені-ліпені 2021 года будзе працаваць палатачны лагер «Патрыёт» ДУДА «Цэнтр турызму дзяцей і моладзі Пухавіцкага раёна». Таксама 65 спартсменаў адпачнуць у палатачных лагерах на базе «Лясной казкі» і раённай турбазы «Талька».

Будуць працаваць і лагеры з дзённым знаходжаннем.  З 1 па 20 чэрвеня на базе школ адкрыецца 25 лагераў, дзе аздаровіцца 1150 дзяцей. Яшчэ  170  спартсменаў прымуць у трох лагерах,  размешчаных у ДУА «Сярэдняя школа № 1 пасёлка  Дружны» (45), ДУА «Мар’інагорская гімназія» (65), ДУА «Мар’інагорскі НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа» (60).

Адпачыць можна і ў лагерах працы і адпачынку. У рэжыме дзённага аздараўлення лагер працы і адпачынку будзе працаваць у ДУА «Рудзенская сярэдняя школа» сумесна з Пухавіцкім лясгасам  і два лагеры працы і адпачынку ў рэжыме круглых сутак (ДУА «Голацкі НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа», ДУА «Пярэжырская сярэдняя школа імя А.Е.Гурыновіча».

Прыярытэтным накірункам у арганізацыі адпачынку дзяцей па-ранейшаму з’яўляецца аздараўленне дзяцей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, у тым ліку дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя.

Адпачынак дзяцей будзе арганізаваны ў адпаведнасці з супрацьэпідэміялагічнымі  патрабаваннямі, таму што мы працягваем жыць ва ўмовах распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі. І арганізацыя бяспечных умоў знаходжання дзяцей  у лагерах застаецца патрабаваннем часу.

Падрыхтоўка лагераў да прыёму дзяцей практычна завершана. Былі праведзены планавыя работы па бягучых рамонтах жылых і адміністрацыйных карпусоў, добраўпарадкаванні тэрыторый, абсталяванні спартыўных пляцовак, замене некаторага абсталявання.

Алена   ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *