ААТ “Голацк” стаў пераможцам па выніках жніва
ААТ “Голацк” штогод уваходзіць у тройку лідараў па выніках жніва. У мінулым годзе голацкія хлебаробы былі другімі ў раёне. Сёлетнія “Дажынкі” яны заслужана сустракаюць у якасці пераможцаў.
Зерневыя культуры ў гаспадарцы займалі 2370 гектараў. Валавы намалот ААТ “Голацк” склаў 10 432 тоны (у мінулым годзе — 8370 тон). Ураджайнасць у сельгаспрадпрыемстве самая вялікая ў раёне — 44 цэнтнеры з гектара (у 2018 годзе — 35,5). З 550 гектараў у засекі заклалі 1301 тону азімага рапсу. Гэты вынік — заслуга ўсёй агранамічнай службы. Галоўнаму аграному Анатолю Колтуну дапамагалі брыгадзіры Віктар Эйсмантовіч і Дзяніс Сяверын.
— Зменлівае надвор’е ўплывала на ход уборкі, але палі шчодра аддзячылі нам за працу. Парадавалі азімыя культуры: ураджайнасць азімай пшаніцы дасягала 55 цэнтнераў з гектара, азімага трыцікале — 50 цэнтнераў, — гаворыць брыгадзір Віктар Эйсмантовіч. — Асноўная нагрузка падчас уборкі прыйшлася на нашы “Лексіёны”. Аднак стараліся ўсе восем экіпажаў. У нашай працы вынік залежыць ад кожнага чалавека.
Камбайнеры гаспадаркі сталі першымі тысячнікамі і на працягу ўсёй уборкі зерневых культур задавалі тэмп у раённым спаборніцтве. Канчатковы намалот Аляксандра Расолькі і Яўгена Кубры — 2232 тоны зерня (без уліку рапсу). Гэты экіпаж — лепшы ў раёне. Другое месца таксама за голацкімі хлебаробамі: Алег Маркаў і Руслан Сідарэнка намалацілі 1867 тон зерня.
— У мінулым годзе быў мой дэбютны сезон у якасці камбайнера. Тады я заняў трэцяе месца ў раёне, — гаворыць Алег Маркаў, які перасеў на КВК-800 і займаецца ўборкай кукурузы. — Сёлета з Русланам Сідарэнка сталі другімі. Ён упершыню быў памочнікам на жніве. Радасна, што першае жніво запомніцца яму перамогай.
Двойчы за ўзнагародай на сённяшнім свяце выйдзе Яўген Кубры. Другі год запар ён стаў лепшым сярод вадзіцеляў. Яўген Вячаслававіч перавёз 2276 тон зерня. Цяпер ён задзейнічаны на падвозе зерня на сяўбе азімых. Аляксандр Расолька гэтымі днямі займаецца хімпраполкай азімага рапсу.
Сёння ў гонар работнікаў ААТ “Голацк” неаднаразова будуць гучаць апладысменты. Пераможцамі раённага спаборніцтва сталі галоўны аграном Анатоль Колтун, аператар зернесушыльнага комплексу Аляксандр Хадыка, механізатар Канстанцін Вайцяховіч, які заняў першае месца на ўнясенні арганікі. Нельга не адзначыць арганізаваную работу інжынернай службы, якую ўзначальвае галоўны інжынер Аляксандр Лешчанка. Ён заняў другое месца ў раёне.
Цяпер механізатары актыўна займаюцца корманарыхтоўкай. Кукуруза на голацкіх землях дае самую высокую ўраджайнасць у раёне — больш за 500 цэнтнераў з гектара. Больш за 20 тысяч тон сіласу аграрыі ўжо нарыхтавалі. У планах таксама пераўзысці мінулагодні намалот зерня кукурузы ў 1000 тон.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.